Такая змена тлумачыцца тым, што польскія ўлады ўбачылі прыкметы нібыта паляпшэння сітуацыі ў Беларусі: частка палітвязняў была вызваленая пасля памілаванняў, а масавыя прысуды за ўдзел у пратэстах 2020 года сталі сустракацца радзей.
Але ці азначае гэта, што ў Беларусі стала бяспечна?
Не. Рэпрэсіі не спыніліся — яны проста змянілі форму. Людзей па-ранейшаму затрымліваюць і асуджаюць за данаты, каментары ў інтэрнэце, супрацоўніцтва з незалежнымі медыя і грамадзянскую пазіцыю. Праваабаронцы працягваюць прызнаваць новых палітычных зняволеных. «Экстрэмісцкімі» абвяшчаюцца ўсё новыя арганізацыі, каналы і праекты. Працягваецца ціск на беларускую мову, культуру, адукацыю, а таксама на сваякоў актывістаў і людзей, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. Беларусы, што вяртаюцца дадому, нярэдка становяцца ахвярамі крымінальнага пераследу.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў асобных выпадках адсутнасць арышту ў 2020 годзе або «недастатковая актыўнасць» падчас пратэстаў ужо разглядаюцца як доказ бяспекі вяртання. Але беларуская рэпрэсіўная сістэма ніколі не была заснаваная толькі на ўдзеле ў вулічных акцыях. Яна працуе значна шырэй і непрадказальней.
Мы заклікаем еўрапейскія краіны не рабіць высноваў пра сітуацыю ў Беларусі толькі на падставе асобных памілаванняў. Пакуль у краіне працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, а людзей пераследуюць за іх перакананні, Беларусь не можа лічыцца бяспечнай дзяржавай для тых, хто быў вымушаны з яе ўцячы.