На жаль, супрацьстаянне Беларусі і Масквы не засталося толькі на старонках гісторыі. На працягу стагоддзяў менавіта з Маскоўскай дзяржавай, а пасля Расійскай імперыяй і Савецкім Саюзам, беларускія землі неаднаразова станавіліся арэнай войнаў, акупацыі і барацьбы за права самім вызначаць свой лёс.
І сёння гэтая барацьба працягваецца ўжо ў іншай форме. Крамлю больш не патрэбныя шматтысячныя войскі, каб падпарадкоўваць Беларусь. Для гэтага ёсць Лукашэнка — чалавек, які зрабіў нашу краіну залежнай ад Масквы, душыць беларускі народ, знішчае нацыянальную культуру, мову, гістарычную памяць і ўсё, што нагадвае беларусам пра іх уласную ідэнтычнасць.
Перамога на рацэ Уле нагадвае нам простую ісціну: беларусы заўсёды знаходзілі ў сабе сілы абараняць сваю зямлю і сваю свабоду. І як бы ні змяняліся метады імперскай палітыкі Масквы, імкненне беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі застаецца нязменным.