
28 красавіка на беларуска-польскай мяжы беларускі бок перадаў «трох палякаў і двух малдаван». Пра гэта паведаміў у сацсетцы X пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл. Сярод вызваленых — Андрэй Пачобут, які правёў у зняволенні 1860 дзён.
Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. 8 лютага 2023 года суд у Гродне прысудзіў яму 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Увесь гэты час Пачобут заставаўся прынцыповым: ён адмаўляўся прасіць памілавання і пакідаць Беларусь.
Як паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які сустракаў яго на мяжы, першыя словы Пачобута былі пра вяртанне: «Ці змагу я вярнуцца туды?» Гэта пытанне шмат гаворыць пра чалавека, які нават пасля гадоў турмы думае не пра сябе, а пра радзіму.
Вітаем спадара Андрэя на волі!