Нядаўна да мяне зноў звярнуўся былы сябра Народнай Грамады, які зараз знаходзіцца за межамі нашай краіны яшчэ з адным пытаннем: “Мікалай Віктаравіч, я і мае сябры ўдзячныя за Вашы грунтоўныя і цікавыя адказы на нашыя папярэднія пытанні. Але зараз мы абмяркоўвалі пытанне, звязанае з маральнымі рэчамі. Неразуменне выклікаюць некаторыя матэрыялы, што з’яўляюцца на пэўных дэмакратычных рэсурсах. Калі рэсурс, арыентаваны на нацыянальную культуру, рэгулярна звяртаецца да асвятлення прыватнага жыцця мярзотніка, які купіў сабе свабоду за кошт свабоды сваіх калегаў, абмяркоўвае нават колер трусоў яго сужыцелькі, калі відэаканал гэтага ж рэсурсу рэгулярна дае слова даносчыцы, з-за якой былі зняволены яе калегі, калі вызваленая палітзняволеная прызнаецца ў супрацоўніцтве са сваімі катамі, ухваляе іх, ды яшчэ заяўляе, што ніхто не мае права папікнуць яе гэтым. Як Вы ацэньваеце ўсё гэта?
Я ніколі не папікаў і не папікну нікога, хто дзеля сваёй свабоды падпісаў нейкае “прашэнне”, наадварот, заўсёды радуюся, што для некага скончылася турэмнае пекла. Зрэшты, чалавечая годнасць належыць самому чалавеку і калі ён вырашыў памяняць яе на выйсце з цяжкой сітуацыі і думае, што здолее з гэтым жыць, то гэта яго годнасць і яго жыццё.
Іншая справа, калі дзеля вызвалення нехта ідзе на даносы, на стукацтва. Лічу, што гэта найвялікшая подласць – абменьваць сваю свабоду на свабоду іншых людзей. Даносчыкі для мяне падонкі, з якімі я не маю ніякіх спраў. Тыя, хто патурае ім, тыражуе іх погляды ці жыццё, нармалізуе іх подласць. Мабыць, у душы “нармалізатараў” таксама ёсьць нешта падобнае.
Таксама лічу недапушчальным і стукацтва сярод палітзняволеных. Гэта няпраўда, што паведамляючы “нязначныя” звесткі пра іншых адміністрацыі, вы не шкодзіце ім. Вы не можаце ведаць, для якіх мэтаў і калі могуць быць скарыстаныя паведамленыя вамі звесткі, калі іх дастануць з асабістай справы, каб скарыстаць для нейкага “аператыўнага мерапрыемства”, каб зрабіць становішча ахвяры вашага даносу яшчэ больш невыносным. Спробы апраўдання свайго стукацтва зразумелыя – людзі амаль заўсёды апраўдваюць сябе. Але ж публічнае апраўданне подласці нармалізуе яе, наносіць шкоду маральнаму здароўю грамадства і ўзмацняе пазіцыі ворагаў свабоды. Таму трэба спыняць “нармалізатараў” ды іх “герояў”.
Што тычыцца апраўдання ўласных катаў, то міжволі ў галаву прыходзіць убачанае у дзяцінстве – як сабака ліжа боты гаспадару, калі той б’е яго. Што ж трэба зрабіць з чалавекам, каб давесці яго да стану таго сабакі?
Метадаў для гэтага хапае. Але яны патрабуюць сістэмнай працы вялікай колькасці людзей з немалымі заробкамі. Навошта траціць немалыя грошы, час, каб нейкі чалавек, палітвязень, хай і вядомы сярод сваіх былых аднадумцаў, але ніякі не экстрэміст, не тэрарыст, публічна зганіў сябе? Думаю, што ёсць тры прычыны гэтага:
1). Чым болей медыйны чалавек, то тым больш шырокае ўздзеянне на грамадства акажа нармалізацыя ім даносаў, стукацтва і самапрыніжэння перад сваімі катамі.
2). Тыя, хто “працуе” з палітвязнямі, таксама людзі і жывуць сярод людзей. Як бы яны не самападманвалі сябе, але адчування, што яны займаюцца нізкай справай, ці хай нават нямога пытання ў вачах блізкіх пазбегнуць цяжка. Калі ж зломлены апанент публічна прыніжае сябе, у іх катаў узнікае пачуццё перавагі – “хай мы таксама ліжам, але нас хоць за гэта добра кормяць і ліжам мы не публічна”.
3). Беларусы вельмі законапаслухмяныя, ніякай арганізаванай злачыннасці ў нас няма, дыверсанты і сапраўдныя тэрарысты не водзяцца. Таму шматлікія сілавыя структуры мусяць даказваць сваю патрэбнасць начальству, каб не скарацілі. Таму барацьба з іншадумцамі і зняволенымі робіцца для іх галоўным заняткам. А прымушэнне вядомых апанентаў начальства да ўхвалення сваіх катаў ды таго ж начальства вельмі падабаецца апошняму, што гарантуе і надалей шчодрае кармленне.
Што застаецца прыстойным людзям? На мой погляд – стаяць годна, пазбягаць подласці і подлых.