Сёння — гадавіна пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Чатыры гады таму, 24 лютага 202…

Сёння — гадавіна пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Чатыры гады таму, 24 лютага 2022 года, расійскія танкі перасеклі мяжу, а ракеты паляцелі па ўкраінскіх гарадах — па жылых дамах, школах, бальніцах. З таго дня вайна стала штодзённай рэальнасцю для мільёнаў людзей.

Ужо чатыры гады Украіна жыве пад гукі паветраных трывог. Гінуць мірныя жыхары, руйнуюцца гарады, многія губляюць сваіх блізкіх. Кожны «прылёт» — гэта не проста ваенная зводка, а чалавечыя лёсы, боль і страты.

На жаль, Беларусь у гэтым канфлікце апынулася на баку Расіі. Рэжым Лукашэнкі аддаў тэрыторыю і інфраструктуру для агрэсіі. А ўсе, хто адкрыта выступіў супраць вайны, супраць удзелу Беларусі ў гэтай злачыннай палітыцы, былі рэпрэсаваныя — затрыманыя, асуджаныя, вымушаныя з’ехаць з краіны.

Гэтая дата — нагода не толькі ўспомніць пачатак трагедыі, але і зноў сказаць: вайна — гэта злачынства. І салідарнасць з Украінай, падтрымка мірных людзей і патрабаванне адказнасці для агрэсара застаюцца прынцыповымі і сёння.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!