З НАГОДЫ 8 САКАВІКАСёння ў Беларусі святкуюць Жаночы дзень. Ведаю, што стаўленне да гэтага свята ў м…
Сёння ў Беларусі святкуюць Жаночы дзень. Ведаю, што стаўленне да гэтага свята ў многіх неадназначнае. Некалі і я сам казаў пра яго штучнасць і афіцыёзнасць. І нават ціха пасмейваўся з жанчынак, якія ўрачыста неслі перад сабой са сваёй працы пакамечаны гваздзік. Пакуль хатні “спецыяліст па этыцы” аднойчы не спыталася ў мяне: “А ты хоць уяўляеш, для якой велізарнай колькасці нашых жанчын гэтае свята – адзіная магчымасць атрымаць кветку ў падарунак?” Мне зрабілася сорамна.
Людзям патрэбна радасць, патрэбна свята. Яны здольныя ачалавечыць, ператварыць у нармальнае свята любую прапагандысцкую дату. Нават гадавіну кастрычніцкага перавароту, 7 лістапада, як ад пачатку называлі яе самі бальшавікі.
Такая ж метамарфоза адбылася і з 8 сакавіка. У гэты дзень нашы жанчыны чакаюць ад мужчын кветак, увагі і падарункаў. Маю падазрэнне, што і некаторыя феміністкі таксама.
Акрамя сотняў жанчын, якія зараз знаходзяцца ў зняволенні па палітычным прычынам.
Сотні нашых пяшчотных, разумных прыгожых, адчувальных жанчын апынуліся ў нялюдзкіх месцах, дзе штодня сустракаюцца з грубасцю, прымусам, падаўленнем, у чужым і далёкім ад іх сацыяльным асяродку. Для іх сённяшні дзень гэта толькі балючы напамін пра страчанае нармальнае жыццё сярод блізкіх, пра кветкі, падарункі і віншаванні ў тым, былым жыцці. Мне бывае балюча і сорамна за тое, што мы дазволілі такое.
Таму ў гэты дзень я віншую жанчын-палітзняволеных. І зычу ім, найперш, хуткага вызвалення. І няхай на волі ўсе кветкі свету будуць ля вашых ног. Вы гэтага, безумоўна, вартыя!
З павагай і любоўю,
Мікалай Статкевіч
8 сакавіка