Калі культура становіцца зброяй рэжымуДнямі праўладны лукашэнкаўскі кампазітар Яўгеній Алейнік заяві…

Калі культура становіцца зброяй рэжыму

Днямі праўладны лукашэнкаўскі кампазітар Яўгеній Алейнік заявіў у інтэрв’ю, што беларуская культура змянілася і больш не прыме тых, хто ў 2020 годзе стаў на бок народа. Але пра якую культуру ён гаворыць?

Пасля 2020 года беларуская культура перажыла не рэформу, а рэпрэсіі. Купалаўскі тэатр страціў вядучых актораў — яны сышлі ў знак пратэсту. Іх замянілі артысты з Расіі. У Нацыянальным оперным — тое самае: звальненні, прыніжэнні, ідэалагічны кантроль. Незалежныя арт-прасторы закрыліся.

Рэпрэсаваныя музыкі, паэты, мастакі, артысты. Хтосьці сядзіць у турме. Хтосьці з’ехаў і быў вымушаны спыніць дзейнасць. Хтосьці застаецца і маўчыць. А хтосьці проста страціў натхненне, бо натхненне не прыходзіць пад страхам.

На радыё і ТБ — песні пра «бацьку», вайсковыя маршы, прапагандысцкія гімны. У газетах і парталах — рэпартажы з канцэртаў праўладных артыстаў і агляды кніг аўтараў з лаяльнага Саюза пісьменнікаў. У кінатэатрах — фільмы пра генацыд у часы вайны (у той час, калі генацыд адбываецца цяпер — у турмах, СІЗА і калоніях). У рэгіёнах — амаль няма варыянтаў культурнага адпачынку.

Беларуская медыйная прастора вылізаная, стэрыльная і таму — агідная. Гэта не культура, а дэкарацыя. Культура без выбару, без болю, без жывых людзей. Культура, якая не адлюстроўвае жыццё, а прыкрывае гвалт.

Сапраўднае нельга стварыць пад дыктатурай. Таму ўсе гэтыя «хіты» пра «моцнага бацьку» ніколі не будуць гучаць у навушніках простых беларусаў.

Сапраўдная беларуская культура жыве — у выгнанні, у цені, у сэрцы. Яна маўчыць цяпер. Але яна вернецца. Разам з вольнай Беларуссю.