Больш за 1740 дзён прайшло з лёсавызначальнай даты 9 жніўня 2020 года, якое змяніла жыццё многіх бел…

Больш за 1740 дзён прайшло з лёсавызначальнай даты 9 жніўня 2020 года, якое змяніла жыццё многіх беларусаў. Шмат хто быў вымушаны развітацца з радзімай, шмат хто прайшоў праз засценкі рэжыму, шмат хто так і не ўбачыць вольную Беларусь. Але мы не спыняемся.

Сёння ў Вільні адбылася акцыя да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У ёй удзельнічалі і актывісты “Народнай Грамады”. Яны нагадалі пра тое, што сярод беларускіх палітзняволеных ёсць і актывісты партыі, якія знаходзяцца ў турме ў надзвычайна жорсткіх умовах. З лютага 2023 года мы нічога не ведаем пра Мікалая Статкевіча, асуджанага да 14 гадоў асаблівага рэжыму: да яго не пускаюць адваката, ад яго няма лістоў, нават родныя не могуць з ім звязацца і даведацца пра яго стан. А Сяргей Спарыш, які быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі, свой тэрмін адбывае ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сёння, калі палітычныя працэсы бурхліва ідуць па ўсёй Еўропе, як ніколі важна напамінаць пра катаванні і здзекі ў беларускіх турмах, пра тое, што ўсе палітвязні павінны выйсці як мага хутчэй. Таму мы працягваем заклікаць да салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і рабіць усё, каб голас беларусаў быў пачуты на міжнародным узроўні.