Вікторыю Кульшу будуць судзіць трэці раз запарЯк нам стала вядома з ананімных крыніц, палітзняволену…

Вікторыю Кульшу будуць судзіць трэці раз запар

Як нам стала вядома з ананімных крыніц, палітзняволеную Вікторыю Кульшу не выпусцілі з калоніі.

Літаральна за два дні да вызвалення яе перавялі ў СІЗА. Распачата крымінальная справа за “непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы” па арт. 411.

Гэта ўжо трэці судовы працэс супраць яе паводле гэтага крымінальнага артыкулу.

Вікторыю Кульшу направілі ў “РНПЦ псіхічнага здароўя” у Менску, як раней рабілі з іншай палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк.

Нагадаем, Вікторыю Кульшу – адміністратарку чата “Кіроўцы 97%” затрымалі ў лістападзе 2020-га. У чэрвені 2021-га яе асудзілі да 2,5 гадоў нібыта за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

Акрамя таго ў зняволенні Вікторыю двойчы судзілі за “непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”. У выніку ёй дадалі два гады пазбаўлення волі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі калоніі ў Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны ціск і фізічны гвалт. Адзін з наглядчыкаў душыў яе локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, палітзняволеную абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Вікторыю Кульшу неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Толькі сёлета яна правяла там 150 дзён.