ЗЛАЧЫНЦА НЕ МАЕ ПРАВА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ВЫБАРАХНародная Грамада пачне акцыі пратэста ад самага пачатку …

ЗЛАЧЫНЦА НЕ МАЕ ПРАВА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ВЫБАРАХ

Народная Грамада пачне акцыі пратэста ад самага пачатку прэзідэнтскай “выбарчай” кампаніі ў выпадку:
– незаконнай адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе кандыдата ў прэзідэнты ад нашай партыі і ад кааліцыі “Беларускі Нацыянальны Кангрэс” Мікалая Статкевіча;
– калі будзе зарэгістраваная ініцыятыўная група Лукашэнкі, які абвінавачваецца ў шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў.

Для перашкоды вылучэнню кандыдатам у прэзідэнты лідэра Народнай Грамады рэжым плануе скарыстаць яго так званую “судзімасць”, атрыманую за спробу ў 2010 годзе абараніць права народа на сумленныя выбары.
Мікалай Статкевіч — не злачынца. Яму прыйшлося амаль 5 год правесці ў турме, вытрымаць ціск і катаванні якраз за спробу прадухіліць сапраўднае злачынства — незаконны працяг улады Лукашэнкам на чарговы тэрмін.

Але нават наяўнасць гэтай “судзімасці” не пазбаўляе лідэра Народнай Грамады права балатавацца на выбарах. Артыкул 64 Канстытуцыі краіны пералічвае ўсе нагоды для абмежавання выбарчых правоў. “Судзімасцяў” сярод іх няма. А любыя абмежаванні, не пазначаныя ў Канстытуцыі, забаронены.

Праўда, такое абмежаванне “дэпутаты” запісалі ў “выбарчы кодэкс”, груба парушыўшы Канстытуцыю. Але, як вядома, калі закон пярэчыць канстытуцыі, то дзейнічае канстытуцыя.

У Народнай Грамадзе выдатна разумеюць: калі мы дазволім Лукашэнку самому выбіраць сабе “супернікаў”, то ў выбарчым бюлетэні ён пакіне адных толькі клоўнаў.

Мы будзем патрабаваць правесці сапраўдныя, а не фальшывыя выбары. З удзелам у іх Мікалая Статкевіча і без удзелу сапраўднага злачынцы, які незаконна ўтрымлівае ўладу над нашай краінай. Які даўно не мае ні юрыдычнага, ні маральнага права ўдзельнічаць у выбарах.

Калі ж незаконна выконваючы абавязкі прэзідэнта груба парушыць Канстытуцыю, каб засцерагчыся ад свайго найбольш папулярнага і небяспечнага суперніка і застацца ва ўладзе, то мы атрымаем зразумелую народу і міжнароднай супольнасці нагоду для пратэстаў па ўсёй краіне.

Мы выкарыстаем для пратэстаў легальныя “выбарчыя” формы: пікеты, мітынгі і сустрэчы з кандыдатамі. Мы ўжо ведаем, як гэта зрабіць. Мала не падасца.

Калі ж рэжым паспрабуе перашкодзіць нашым легальным мерапрыемствам, то пазбавіць “прэзідэнта” легітымнасці ў вачах беларускага народа і міжнароднай супольнасці яшчэ да канца “выбарчай” кампаніі. Гэта мы лічым таксама надзвычай важным у сувязі з гандлем незалежнасцю краіны, які вядзе незаконна выконваючы абавязкі прэзідэнта.

Прэзідыум Народнай Грамады