Лукашысты працягваюць завочныя суды над беларусамі. 12 чэрвеня будуць завочна судзіць вядомага беларускага праваабаронцу і экс-палітвязня Леаніда Судаленку. Паседжанне пройдзе ў Гомельскім абласным судзілішчы.
Tg-канал канал «Баста!» пацікавіўся ў Судаленкі, чаму сілавікі пачалі паляванне менавіта на праваабаронцаў і што стала падставай для новага палітычнага пераследу:
— Па-першае, гэта будзе не суд, гэта будзе помста. Палітычныя рэпрэсіі супраць мяне працягваюцца таму, што я выйшаў з турмы і не замаўчаў. За тое, што я распавядаю незалежным медыя пра ўмовы ўтрымання палітычных вязняў у турмах Беларусі.
Я толькі выйшаў у мінулым годзе і адразу трапіў у Еўрапейскі парламент у Страсбургу, дзе з высокай трыбуны распавядаў пра ўмовы ўтрымання. Пра катаванні, бесчалавечнае абыходжанне з палітычнымі вязнямі ў Беларусі я таксама распавядаў ў сценах Еўпапейскага парламенту ў Бруселі. Я не адмовіў ні аднаму медыя ў гэтым сэнсе. і лічу, што новай крымінальнай справай аб іншым садзеянні экстрэмістскай дзейнасці мяне спрабуюць прымусіць замаўчаць.
— Чаму сілавікі надаюць вялікую ўвагу менавіта праваабаронцам і валанцёрам?
— Бо праваабаронцы сёння на перадавой. Менавіта мы фіксуем і дакументуем штодзённыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне, каб аднойчы для кожнага выканаўцы рэпрэсій запатрабаваць адказнасці.
Але ў Беларусі пераследваюць і іншых. Сядзяць не толькі праваабаронцы, за краты кінуты журналісты, палітычныя ды прафсаюзныя актывісты, дактары і святары, проста неабыякавыя людзі. Як казаў з-за кратаў мой паплечнік па праваабароне, Нобелеўскі лаўрэат прэміі міра Алесь Бяляцкі, сёння ў турме уся Беларусь!