У Беларусі з’явіўся новы мем, што мы не толькі перамаглі каранавірус, але і ўзялі яго ў палон, бо ён…

У Беларусі з’явіўся новы мем, што мы не толькі перамаглі каранавірус, але і ўзялі яго ў палон, бо ён з’яўляецца толькі там і тады, калі гэта выгадна ўладам.

Вось і ў СІЗА N1 каранавірус уплывае толькі на фігурантаў “справы” блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, палітыкаў Мікалая Статкевіча і Сяргея Спарыша і блогераў Дзмітрыя Казлова, Аляксандра Кабанава і іншых, абвінавачаных па ч.1 арт. 342 у сувязі з правакацыяй ў Гародні.

Уплывае ўсяго на 16 чалавек з усіх шматлікіх “пастаяльцаў” гэтай установы.

З мінулага тыдня, “у сувязі з каронавірусам”, адвакатам фігурантаў справы адмаўляецца ў праве на бесперашкодныя асабістыя сустрэчы з падабароннымі ў спецыяльна прыстасаваных для гэтага асобных кабінетах. Сустрэчы мусяць адбываццца ў агульным пакоі для спатканняў са сваякамі, дзе адвакат з кліентам павінны размаўляць па тэлефону праз шкло, аддзеленыя ад іншых прысутных толькі тонкай перагародкай. Пра якія прынцыпы бесперашкоднасці і таемнасці сустрэч у такім выпадку можна гаварыць?!

Але і гэтага мала: у дзяжурнага ляжыць адмысловы спіс з 16-ці чалавек, адвакаты якіх НЕ МОГУЦЬ сустракацца з кліентамі адначасова. Гэта азначае, што, калі адзін з адвакатаў патрапіў на сустрэчу, то астатнія мусяць чакаць на вуліцы, альбо не патрапяць на сустрэчу ўвогуле, хаця свабодных пакоеў і “кабінак” будзе багата.

Вы здагадаліся, безумоўна, хто гэтыя 16?
Чым яшчэ каранавірус можа дапамагчы нашай ўладзе пад час гэтай выбарчай кампаніі, можна толькі здагадвацца.