Зьдзівіла наша беларуская моладзь. Я быў упэўнены, што наша моладзь – гэта цалкам кастрыраваная прас…

Зьдзівіла наша беларуская моладзь. Я быў упэўнены, што наша моладзь – гэта цалкам кастрыраваная праслойка насельніцтва. Якая будзе сьмірна ісьці ў ланцугах і нават не спрабаваць здабыць сабе нейкай волі. Я ў захапленьні ад нашай моладзі. А маё пакаленьне… Дзяцей б’юць, а бацькі дома сядзяць. Гэта мяне абурае. Мая сябры, знаёмыя, мае аднагодкі – толькі дома на кухні. А як яшчэ сто грам вып’юць – усё! Усю праўду раскажуць. А як на вуліцу выйсьці ў Слуцку – баяцца. А чаго там баяцца? Трыста рублёў атрымлівае, жыве, як жабрак. Я страціў працу, якая, можа, найлепшая з тых, што можна знайсьці ў Слуцку. А табе чаго баяцца? Але, ўсё роўна, баяцца.

Каб мае аднагодкі выйшлі на вуліцу, іх трэба вярнуць у 1992 год. Каб яны зараблялі 20 долараў, як тады было. Каб быў пусты халадзільнік. Толькі гэта, мабыць, іх прымусіць кудысьці выйсьці і сказаць тое, што яны гавораць на кухні. Толькі гэта. Нічым іншым іх не пераканаеш выйсьці. Будуць лаяць уладу, але, каб выйсьці – не. Знойдуць сто прычын, каб застацца дома. Наша пакаленьне – пакаленьне баязьліўцаў. Я гляджу на калег па працы. Спрабуеш гаварыць на розныя тэмы ў курылцы. Як толькі спрабуеш даведацца палітычныя погляды – чалавек уцякае. Нават гаварыць баяцца.