26 студзеня 1990 года беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі

M4

26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон «Аб мовах». Беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Так было да сярэдзіны 1995 году. Пасьля рэфэрэндуму, які ініцыяваў Лукашэнка, расейская мова атрымала таксама статус дзяржаўнай.

***
Пімен Панчанка
Родная мова

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.

Калі ж хто загадае: «Не трэба!» –
Адрачэцца ад мовы народ, –
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.

Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:

Студзень – з казкамі снежных аблокаў,
Люты – шчодры на сіні мароз,
Сакавік – з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,

Красавік – час маланак і ліўняў,
Травень – з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень – з ягаднаю зарой,
Ліпень – з мёдам,
З пшаніцаю – жнівень,

Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад – залаты лістапад,
Снежань – першы густы снегапад…

Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!

1964

PS: гэты верш быў зняты з анталогіі беларускай паэзіі “Край паэтаў”, прадстаўленай на кантроль у Міністэрства знешніх спраў БССР і падрыхтаванай да выдання ў ЮНЭСКА ў 1974г.