Вытрымкі з лістоў М. Статкевіча:З’явілася свая “гаспадарка”. Уваход у ваконную нішу з боку галоўнай …

Вытрымкі з лістоў М. Статкевіча:

З’явілася свая “гаспадарка”. Уваход у ваконную нішу з боку галоўнай пацучынай магістралі зараз вельмі лёгкі. І спачатку за ежай наведваўся адзін тоўсты і важны пацук, які, не павітаўшыся і не папрасіўшы, проста правяраў, ці паклаў я яму што-небудзь за краты. Не дачакаўшыся, і каб казырнае месца не прападала, гэты пацук прывёў туды дзевачку. Заляцанні скончыліся скандалам і да мяне стала наведвацца толькі гэтая дзевачка – ахайная, з белымі бакамі і чорнай спіной. Яна і віталася, і прасілася, але я трымаўся, пакуль тая не прывяла з сабой сваё дзіцятка. Прыйшлося паддацца гэтай цынічнай маніпуляцыі. Цяпер яны прыходзяць пастаянна:)
12.08.22

У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. Ужо цалкам прызвычаіўся да адзіночкі і яе звышкампактнасці:) Праўда, пацучыная “гаспадарка” ўвесь час спрабуе вырасці. Вось і зараз у ваконнай нішы дзве мамкі і цэлая куча малых. У мяне падазрэнне, што яны гэтых малых адна адной пазычаюць, каб націснуць на мае пачуцці:) Я трымаюся. Пакуль:)
15.08.22