Як падтрымаць палітвязняў, калі ім блакуюць ліставанне?У Беларусі амаль штодзённа павялічваецца коль…

Як падтрымаць палітвязняў, калі ім блакуюць ліставанне?

У Беларусі амаль штодзённа павялічваецца колькасць палітычных зняволеных, якіх утрымліваюць за кратамі ў нечалавечых умовах. У перыяд святаў беларусы актыўна віншавалі вязняў лістамі і паштоўкамі, але вядома, што адказаў дагэтуль прыходзіць мала. Гэта можа быць звязана з блакіроўкай ліставання з боку адміністрацыі ўстановаў. Таму нагадваем пра магчымыя спосабы падтрымкі, каб не пакідаць палітвязняў сам-насам з рэпрэсіямі.

Лісты салідарнасці — наймацнейшая падтрымка звонку. Таму працягвайце дасылаць словы падтрымкі, але рабіце гэта праз заказныя лісты. Калі цэнзар не прапусціць вашу вестачку, то вязень усё роўна пабачыць, ад каго яна была. Чым больш лістоў прыйдзе на імя вязня, тым больш шанцаў, што ён атрымае хоця б некалькі з іх. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз письмо.бел

Ёсць меркаванне, што паштоўкі з кароткім тэкстам часцей патрапляюць у рукі вязням. Даслаць анлайн можна праз Майстэрню паштовак салідарнасці: валанцёры праекта клапатліва перапішуць пасланне ад рукі і адправяць адрасату.

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

Даслаць вязням, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу, пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

Можаце зрабіць грашовы перавод, каб палітвязні змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы, а таксама набыць маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці. Адзначым, што гэта таксама можна зрабіць толькі тым, у дачыненні да каго прысуд яшчэ не быў вынесены ці не ўступіў у сілу, але сума на рахунку застанецца ў вязня нават пасля этапу ў месца зняволення або нават пасля вызвалення.

Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org.

Карысныя спасылкі:

Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны

Наша сіла — у салідарнасці!” Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

Хачу напісаць вязню!” Распавядаем, як гэта зрабіць

Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?

Падтрымаць «Вясну» на Patreon