Гебельс брэша — вецер носіцьКаб прыкрасіць крыху справыГітлераўскай банды,У Берліне ёсць плюгавыДокт…

Гебельс брэша — вецер носіць

Каб прыкрасіць крыху справы
Гітлераўскай банды,
У Берліне ёсць плюгавы
Доктар прапаганды —
 
Недалужнае стварэнне,
Карлік і крывеша,
Але брэша з захапленнем,
Несціхана брэша.
 
Не збрахаць, як карлік, столькі
Дзесяці сабакам,
Брэша больш ён у тры столкі,
Можа, нават з гакам.
 
Называў вайну ён бліцам,
Урачыстым маршам,
Набіваў галовы фрыцам
«Пераможным» фаршам,
 
Браў Маскву ён адным махам
Разам з Ленінградам,
Ачмураў пужлівых страхам
Ды фашысцкім ядам;
 
І пакуль пад Сталінградам
Фрыцы паміралі,
Языком віхлястым гада
Шарыў на Урале.
 
Чым мацней фашысты біты,
Чым іх большы смутак,
Тым больш карлік пладавіты
Выпускае «вутак».
 
Брахуны з ганні ягонай
Пішуць у газеце,
Што ўжо Арміі Чырвонай
Больш няма на свеце;
 
Што ўжо ў нас дзяды ваююць.
Што малыя ўнукі
У атаку штыкавую
Водзяць іх пад рукі;
 
Што ўжо дзеці — не падросткі,
А грудныя — ўзяты,
Што ў руках у войска соскі,
А не аўтаматы.
 
Нам ужо абрыдлі досыць
Байкі прайдзісвета:
— Гебельс брэша — вецер носіць,
Кажам мы на гэта.
 
Як зачуем лопат «птушак»
З гэтага балота,
Б’ём мацней мы фрыцаў з пушак,
Косім з кулямёта.

 Гэта спосаб самы хуткі,
Самы лепшы сродак:
Дохнуць гебельсавы «вуткі»
Ад савецкіх зводак.
 

Кандрат Крапіва

1943

Амаль 80 гадоў мінула з дня напісання гэтага твора,але актуальна і сегодня.