На палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі «Воўчыя норы», працягвае ціснуць адміністрацыя. Яго родныя паведамляюць, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязня закінулі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць н апрацу.
Па словах сваякоў Сцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін з якіх — ад бацькі.
«У сваім лісце Сцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камеры: ён не паспеў нарадвацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часцей. Пішыце Сцяпану ў лістах і паштоўках пра лета, укладайце фота.
Мы запусцілі падлік лістоў і паштовак, дасланых Сцяпану ў калонію (пачынаючы са снежня 2021): так ён хаця б будзе ведаць, што яму пішуць нашмат, нашмат болей, чым яму перадаюць. Пазначце, калі ласка, у Google-форме, колькі пасланняў і калі Вы адправілі (можна прыблізную колькасць). Гэта зойме паўхвіліны, можна ананімна. Актыўная спасылка — у адвечных сторыс: bit.ly/3LYdK9o
Можаце таксама высылаць фота або тэксты пасланняў на пошту [email protected], каб Вашыя высілкі не былі змарнаваныя. Сцяпан усё дакладна прачытае, калі выйдзе».
Нагадаем, 16 жніўня яго асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. За пяць месяцаў у калоніі Латыпава змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні, 27 з каторых ён адбыў у лютым.
Падтрымайце палітвязня: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў