У Беларусі захоўваецца тэндэнцыя на пагаршэнне статусу беларускай мовы. Гэта сумная выснова асацыяцыі “Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў”, якая зрабіла чарговы агляд парушэнняў моўных правоў у краіне за апошнія паўгады.
“Дзяржава не тое, што не прымае ніякіх захадаў па паляпшэнні сітуацыі, а працягвае палітыку дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў, што ў сваю чаргу вядзе да таго, што само грамадства не лічыць патрэбным падтрымліваць і пашыраць яе ўжыванне”, – гэты тэзіс агляд пацвярджае фактамі.
Згодна з вынікамі апытання інстытута “Палітычная сфера”, 70% рэспандэнтаў не лічыць неабходным мяняць мову выкладання ў школе з рускай на беларускую. Скараціць колькасць рускамоўных праграм і павялічыць колькасць беларускамоўных згодныя толькі 16% апытаных.
Агляд таксама ўзгадвае здзеклівыя каментары прапагандыстаў пра беларускую мову, панаванне рускай мовы ў Купалаўскім тэатры, барацьбу з беларускай лацінкай на паказальніках, затрыманні за беларускую мову і г.д.