АБ ПАДТРЫМЦЫ ЗМАГАНЬНЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ ЗА СВАБОДУ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ: ЗАЯВА РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ…

АБ ПАДТРЫМЦЫ ЗМАГАНЬНЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ ЗА СВАБОДУ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ: ЗАЯВА РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі неаднаразова зьвяртала ўвагу сусьветных лідэраў на небясьпеку імпэрскай палітыкі Расеі ў дачыненьні да краінаў, якія Масква лічыць сваімі “гістарычнымі тэрыторыямі”.

У дачыненьні да Беларусі гэтая палітыка рэалізоўвалася ў форме асыміляцыі і зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, адносна Малдовы і Грузіі — стварэньня падкантрольных Крамлю анкляваў. У 2008 годзе Расея ўчыніла вайсковую агрэсію ў Грузіі, у 2014 — уварвалася ва Ўкраіну. У 2022 г. Масква разьвязала вайну, маштабу якой Эўропа ня бачыла з моманту падзеньня Трэцяга Райху.

Сёньня тое, што імпэрская Расея ўяўляе пагрозу ня толькі эўрапейскаму кантынэнту, але і ўсяму сьвету, не выклікае сумневу.

Цяпер агрэсіўная палітыка Крамля дасягнула апагею: Уладзімір Пуцін наўпрост пагражае сьвету ядзернай зброяй.

Да Ў. Пуціна далучыўся А. Лукашэнка, які заявіў, што ў Беларусі і Расеі фактычна “агульныя збройныя сілы”; адначасна расейскія генэралы сьцьвярджаюць, што войска А. Лукашэнкі знаходзіцца ў “апэратыўным рэзэрве” Масквы.

Пры гэтым застаецца фактам, што А. Лукашэнка даўно ўжо не зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі. Ён ня мае падтрымкі народу, што засьведчылі масавыя выступы супраць татальнай фальсыфікацыі на так званых выбарах у 2020 годзе, прыпыніць якія рэжыму ўдалося толькі татальнымі рэпрэсіямі.

З гэтай прычыны Рады БНР заяўляе, што якія б формы не прыняла падтрымка А. Лукашэнкам злачынных ініцыятываў У. Пуціна, яна ні ў якой ступені не зьяўляецца выяўленьнем волі беларускага народа.

Беларусь знаходзіцца пад акупацяй Расеі, а лукашэнкаўскі рэжым ёсьць нічым іншым, як акупацыйнай адміністрацыяй.

Падобнае неаднаразова здаралася ў нядаўняй гісторыі, у тым ліку і на эўрапейскім кантынэнце. У 1918 годзе камуністычная Расея акупавала і зьнішчыла Беларускую Народную Рэспубліку, зьдзейсьніўшы праз два дзесяцігодзьдзя масавае забойства беларусаў у Курапатах, у канцы 1930-пачатку 40-х сталінскі СССР акупаваў краіны Балтыі, а гітлераўскі Трэці Рэйх — Чэхаславаччыну. Народы акупаваных краінаў былі пазбаўленыя права выбару і права голасу.

У гэткім жа становішчы цяпер знаходзіцца і беларускі народ, народ эўрапейскі і міралюбны. Пацьверджаньнем гэтай міралюбнасьці ёсьць тое, што менавіта ў вельмі кароткія часы адноснай свабоды пачатку 1990-х Беларусь добраахвотна і бяз усякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі заклікае дэмакратычныя краіны аказаць усю магчымую падтрымку беларускаму народу ў ягоным змаганьні за волю і незалежнасьць.

21 верасьня 2022г.