Юрыя Дракахруста я ведаю амаль сорак гадоў (дарэчы, нагадаю, што ён уваходзіў у склад утворанага на легендарным сходзе 19 кастрычніка 1988 году Аргкамітэту БНФ, дзе былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Пётра Садоўскі, Зянон Пазьняк, Уладзімер Арлоў, Алесь Бяляцкі (называю паводле ўзросту) — усяго каля трыццаці чалавек). Дваццаць пяць гадоў мы разам працавалі на Радыё Свабода. Той, хто слухаў эфіры, глядзеў тэлеперадачы ці чытаў сайт, ведаюць, што нашыя пазыцыі ў шэрагу пытаньняў вельмі разыходзяцца. Ня дзесяць, ня дваццаць — напэўна, сотні разоў мы зь ім спрачаліся публічна, ну а ўжо колькі не публічна — не паддаецца падліку.
Але ніколі, наводнага разу, я ня чуў ад Юры ня тое што пераходу дапушчальных межаў вядзеньня дыскусіі, але нават падвышанага тону (чым, на вялікі сорам, сам пахваліцца не магу). Я б сказаў, што Юры Дракахруст можа быць эталонам паводзінаў у дыскусіі.
Я невыпадкова кажу менавіта пра культуру вядзеньня дыскусій, бо тое, пра што гаворыць Сяргей Ціханоўскі, непасрэдна закранае дыскусійныя тэмы, абмеркаваньне якіх даўно насьпела. Уласна, абмеркаваньне гэтае вялося і раней — проста Ціханоўскі надаў яму, як гаворыцца, новы імпульс.
І ў часе спрэчак тым больш важна прытрымлівацца пэўнага палітэсу. Магчыма, нават больш строгага, чым калі б гаворка ішла пра рэчы менш вострыя. Нават так: чым вастрэйшая тэма — тым больш карэктным мусіць быць стыль дэбатаў.
Асабліва калі спрэчку вядуць палітыкі, да меркаваньня якіх прыслухваюцца тысячы і тысячы.
А Сяргей Ціханоўскі якраз і зьяўляецца такім палітыкам, менавіта палітыкам, як бы не хацелася некаторым абмежаваць ягоны статус блогерствам. Палітыкам ён стаў з таго моманту, як заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты.
Увогуле, мы часта памылкова лічым палітыкамі толькі тых, хто ўдзельнічае ў самітах, канфэрэнцыях, уваходзіць у склад нейкіх структураў і г.д. Гэта ня слушна. Ва ўмовах адсутнасьці парлямэнтарызму (вось ужо тры дзесяцігодзьдзі), забароны палітычных партый, тактыкі «выпаленай зямлі», якую прымяняе рэжым у дачыненьні да ўсялякай несанкцыянаванай публічнай дзейнасьці ў Беларусі (а цяпер імкнецца зрабіць нешта падобнае і ў замежжы) — палітычная сфэра ў дыяспары набывае розныя, часам нетрадыцыйныя формы. Ну вось Сяргей Ціханоўскі выкарыстоўвае відэаблогі і стрымы, у якіх яму мала роўных (і 2020 год гэта паказаў).
І каб данесьці нейкія ідэі, Ціханоўскаму, маючы ягоную папулярнасьць і талент сумаўленьня зь вялікай аўдыторыяй, зусім няма патрэбы ўжываць тыя выразы, якія ён ужывае.
А што датычна закранутых Ціханоўскім тэмаў — яны сапраўды вартыя абмеркаваньня ў СМІ. І нягледзячы на вельмі няпростыя ўмовы, у якіх апынуліся беларусы ў эміграцыі, нягледзячы на цяжкі псыхалягічны стан, думаю, што большасьці (хоць далёка ня кожны ў гэтым прызнаецца) — будзем спадзявацца, што ва ўсіх удзельнікаў дыскусіі (як у прыхільнікаў Ціханоўскага, гэтак і ў ягоных апанэнтаў) хопіць такту весьці яе канструктыўна.
У супрацьлеглым выпадку мы будзем ня лепшым чынам выглядаць у вачах нашых родных, нашых сяброў, усіх нашых суайчыньнікаў у Беларусі, зь якімі нас разарваў рэжым і якіх пазбавіў права ўдзельнічаць хоць у якіх дыскусіях.