РОДНАЙ МОВЕНашая мова, пявучая мова,Голас народа знямелы амаль,Нашая годнасць i прашчураў слова,Наша…

Мінск Навіны

РОДНАЙ МОВЕ

Нашая мова, пявучая мова,
Голас народа знямелы амаль,
Нашая годнасць i прашчураў слова,
Наша ахвяра, наш смутак i жаль.

Ты — наша песня i вечная ода
Богу, якi нам цябе падарыў —
Заваяваная разам з народам,
Страцiла лепшых сыноў без пары.

Ты — наша сэрца, крынiца жывая,
Сiмвал жыцця ў сутарэннях турмы…
Цiха канае крынiца святая,
Спынiцца сэрца, загiнем i мы.

Нашая казка, легенда сiвая,
Велiчы сведка i мужных баёў,
Родная мова, пакуль ты жывая,
Жыць будзе й люд беларускiх краёў.

Наталля АРСЕННЕВА