
У інтэрв’ю The Sun Святлана Ціханоўская распавяла, як Расія выкарыстоўвае Беларусь у вайне супраць Украіны, і падкрэсліла: беларусы не падзяляюць імперскіх амбіцыяў Крамля.
«Я не лічу верагодным непасрэднае ўмяшанне беларускіх войскаў. Расія выкарыстоўвае Беларусь у першую чаргу як базу для аперацыяў. Сёння ёй патрэбныя не столькі беларускія салдаты, колькі беларуская тэрыторыя, інфраструктура, ваенная вытворчасць, лагістыка і палітычны кантроль. Беларусь стала незаменнай для рэгіянальнай ваеннай моцы Масквы. Без Беларусі многія імперскія амбіцыі Пуціна было б значна цяжэй рэалізаваць.
У самой Беларусі грамадства катэгарычна выступае супраць удзелу ў вайне — існуе моцны антываенны кансэнсус. Людзі не лічаць украінцаў ворагамі і не падзяляюць імперскіх амбіцыяў Расіі. Сама беларуская армія не імкнецца да бою. У многіх ёсць сваякі, сябры ці асабістыя сувязі ва Украіне. Яны ведаюць чалавечую цану гэтай вайны».