16 чэрвеня 1977 пачаліся працы над фундаментам мінскага метро, якое адкрылася ў 1984 годзе

Мінск Навіны

З днём нараджэння, мінскі метрапалітэн!

16 чэрвеня 1977 пачаліся працы над фундаментам будучай станцыі Парк Чалюскінцаў. Так што гэтую дату можна лічыць днём нараджэння мінскага метро.

Сабралі крыху цікавых фактаў пра падземку, без якой ужо цяжка ўявіць Мінск.

ДЗВЕ ДАТЫ

У мінскага метро дзве даты адкрыцця.
Першая: 29 чэрвеня 1984 – тады ў метро праехалі афіцыйныя асобы.
Другая: 30 чэрвеня 1984 – калі метро ўжо сапраўды адкрылася для ўсіх ахвотных.

ВЫХАД НА ПРАВЫ БОК

Станцыя Першамайская – адзіная ў Мінску з дзвюма бакавымі платформамі (не астраўная, як амаль паўсюль). Гэта вынік тэхнічных асаблівасцяў будаўніцтва каля Свіслачы.
А яшчэ гэта адзіная станцыя, дзе ў элементах упрыгожання выкарыстоўваецца бела-чырвона-белы сцяг.

20 МЕТРАЎ, 40 КІЛАМЕТРАЎ

Мінскае метро знаходзіцца амаль што на паверхні. Самая глыбокая станцыя – Вакзальная. Але яна знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні ўсяго 20 метраў. Прычым выключна праз тое, што на паверхні вакзал і чыгунка. Гэта вам не кіеўская Арсенальная з яе глыбінёй 105 метраў!

А сярэдняя хуткасць цягнікоў мінскага метрапалітэна – 40,8 км/г. Пры гэтым цягнікі разганяюцца не болей за 80 км/г.

ЦЁЗКІ

Сярод 36 станцый мінскага метро цёзкі ў іншых гарадах постсавецкай прасторы ёсць ажно ў 14: гэта Аўтазаводская, Вакзальная, Кастрычніцкая, Маладзёжная, Маскоўская, Партызанская, Першамайская, Плошча Леніна, Плошча Перамогі, Пралетарская, Пушкінская, Спартыўная, Трактарны завод, Фрунзенская.

ПА 50 НА КОЖНАГА

Для мінскага метро зрабілі каля 100 млн чырвоных жэтончыкаў. Думаеце, гэта шмат? Але гэта ўсяго па 50 на кожнага жыхара сталіцы!

БАМБАСХОВІШЧА

Тоўстыя герметычныя дзверы на ўваходзе на некаторыя станцыі – не элемент дызайну. Іх усталёўвалі як частку сістэмы грамадзянскай абароны. Паводле савецкіх праектаў, метро павінна было выконваць ролю сховішча ў выпадку вайны.

  Наш Patreon
 
Наш Buymeacoffee

Далучайцеся да курса пра нашую культурную спадчыну, каб даведацца куды і як зніклі культурныя каштоўнасці з Беларусі – “Беларуская спадчына ў музеях свету” з Аляксеем Ластоўскім