Павел Церашковіч — пра важнасць Каардынацыйнай Рады і неабходнасць прымаць удзел у выбарах Праз нека…

Мінск Навіны

Павел Церашковіч — пра важнасць Каардынацыйнай Рады і неабходнасць прымаць удзел у выбарах 

Праз некалькі тыдняў адбудуцца выбары ў Каардынацыйную Раду чацвёртага склікання. З гэтай нагоды дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Павел Церашковіч звяртаецца да гісторыі, каб паказаць важнасць гэтага працэсу.

«Вясной 1917 года Беларусь апынулася ў цяжкай сітуацыі: фронт падзяліў краіну, мільёны людзей былі ў войску або ў выгнанні. Лютаўская рэвалюцыя дала шанец на палітычную актыўнасць, і беларускія дзеячы пачалі дзейнічаць. У снежні адбыўся Усебеларускі з’езд — першы прататып нацыянальнага парламента, які аб’яднаў прадстаўнікоў розных слаёў грамадства. 

13 снежня 1917 года была абраная Рада з’езда — 71 чалавек, якія атрымалі мандат дзейнічаць ад яго імя. 

Было прынята рашэнне сфарміраваць Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, каб выратаваць край і ўсталяваць рэспубліканскі дэмакратычны лад. Але бальшавіцкія структуры ў Беларусі не дапускалі самавызначэння. Беларусаў як асобны народ яны не прызнавалі, а Беларусь называлі «Заходняй акругай». У ноч на 18 снежня 1917 года бальшавіцкія войскі разагналі з’езд.

Створаная ім Рада працягнула дзейнасць у падполлі. Тым часам германскае войска пачало наступ на ўсход. Мінскія бальшавікі хутка зразумелі, што гэта не тое ж самае, што разганяць мірны з’езд. Ужо на наступны дзень іх у горадзе не было, а нямецкія войскі ўвайшлі ў Мінск.

І тут выявілася, што Рада — рэч вельмі патрэбная. Яе выканаўчы камітэт 20 лютага 1918 года выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі. Затым былі Другая і Трэцяя граматы, апошняя з якіх абвясціла незалежнасць Беларусі.

Да чаго гэта ўсё. Сёння шмат хто незадаволены Каардынацыйнай Радай. У мяне таксама ёсць да яе пытанні. Але іншай у нас цяпер няма. Хочаце, каб за яе не было сорамна — выбірайце правераных, сумленных і прафесійных людзей. Галоўнае — каб яна была. Бо невядома, калі і як яна спатрэбіцца. А тое, што гэты момант настане, — у гэтым я ўпэўнены».

Поўны тэкст — па спасылцы.