Вязня калоніі пакаралі ШІЗА за перададзены Севярынцу кавалак велікоднай булкіПаводле ўспамінаў Паўла…

Паводле ўспамінаў Паўла Севярынца, пасля Вялікадня адзін з вязняў перадаў палітвязню хатнюю булку ад свайго бацькі. Спачатку Севярынец адмаўляўся браць пачастунак, бо ведаў пра строгія забароны, але ўрэшце прыняў яго – каб не пакрыўдзіць чалавека і каб булка проста не засталася ляжаць каля нары, што магло выклікаць скандал падчас праверак.
У калоніях перадача рэчаў паміж вязнямі забароненая правіламі. Хоць часта гэта фармальнасць, але не ў выпадку палітвязняў:
Калі «палітычны» перадае штосьці звычайнаму зэку – значыць, падкупае, каб перацягнуць на свой бок. Калі «палітычны» «палітычнаму» – гэта салідарнасць, канечне, трэба «пресекать». Ну, а калі звычайны зэк «палітычнаму» – ооо, тут пахне бунтам, выклік адміністрацыі. Гасяць за такія рэчы на Шклове будзь здароў.
Механізмы кантролю – паўсюдныя камеры, сетка стукачоў і дэталёвы ўлік рэчаў ды прадуктаў, з дакладнасцю да адзінкі ў вопісах
– тлумачыць логіку працы турэмшчыкаў Севярынец.
Праз камеры назірання адміністрацыя заўважыла, што ён прыняў перадачу. Мужчыну, які перадаў булку, хутка выявілі і пакаралі пяццю соднямі ў штрафным ізалятары. У атрадзе пасля гэтага нават жартам казалі:
Пяць сутак за паўбулкі. Была б цэлая — далі б дзесяць
А калі вязень выйшаў з ШІЗА, ён падышоў да Севярынца і сказаў:
Усё нармальна. Халера з імі. Булка хоць смачная была?
Як узгадвае Севярынец, гэтая гісторыя засталася для яго сімвалічнай:
Велікодная булка з чорнага пакету. Смачная..? Вось дагэтуль узгадваю. На языку быццам прысмак хлеба прычасця