З расповядаў Ігара Лосіка і іншых дэпартаваных палітвязьняў мы даведваемся ўсё новыя факты зьдзекаў …

З расповядаў Ігара Лосіка і іншых дэпартаваных палітвязьняў мы даведваемся ўсё новыя факты зьдзекаў рэжыму над беларусамі. Увогуле, таму, што робіцца цяпер у Беларусі, найбольш пасуе вызначэньне «дзяржаўны тэрор». Але я хачу зьвярнуць увагу на дэталь у расповедзе Ігара, якая пакуль апынулася па-за ўвагай.

«В 2020 и 2021 годах, — піша Ігар, — никаких особых проблем с получением писем не было. Доходило далеко не всё, но свои 50-70 писем в день я получал, Виктор Бабарико, бывало, получал и по 300 в день. Цензоры на Жодино были добрые и даже приносили мне отдельно мои стопки писем, я с ними общался. Да, кое кто дописывался с 10-й попытки, из Украины вообще стоял какой-то блок на письма».

Як бачым, ужо ў 2020-м (а Ігар Лосік, нагадаю, быў затрыманы яшчэ да «выбараў», 25 чэрвеня) у месцах зьняволеньня забароненая перапіскз адрасатамі ва Ўкраінай (ёсьць загады, абавязковыя нават для «добрых» цэнзараў).

І другая цытата: «В феврале 2022 года перед началом войны без объяснения причин политическим запретили писать и отдавать письма не от близких родственников».

Заўважце: не пасьля пачатку вайны, а — перад пачаткам.

Такім чынам, ужо ў першай палове 2020 пэнітэнцыярная сыстэма нешта «ведала» наконт Украіны, а ў лютым 2022 яна «ведала» нешта такое, што блякавала ня толькі кантакты з Украінай, але ўвогуле перапіску палітвязьняў з кім бы тое ні было.

Выраз «нешта ведала» тут — ня больш чым стылёвы прыём. Кіраўніцтва пэнітэнцыярнай сыстэмы выконвала тое, што ёй загадвалі зьверху. А вось «уверсе» — ведалі дакладна.

Мы атрымалі яшчэ адно сьведчаньне, што напад на Ўкраіну рыхтаваўся ўжо ў 2020 годзе. У якой ступені падзеі ў Беларусі былі часткай гэтага пляна — пытаньне адкрытае (асабіста я не сумняюся, што бязьлітасныя рэпрэсіі, «зачыстка» усяго палітычнага і грамадзкага поля, былі іх часткай).

І галоўнае: пацьвярджаецца ў чарговы раз, што сілавыя структуры РБ падпарадкаваныя Маскве — калі не наўпрост арганізацыйна, дык, як мінімум, у рэалізацыі яе стратэгічных інтарэсаў.