«ЛАФКА» ТРАМПА ЯК КАПКАНПаўтор Трампам фразы «У вас няма козыраў!» у бок Украіны нараджае аналёгію с…
Паўтор Трампам фразы «У вас няма козыраў!» у бок Украіны нараджае аналёгію са сцэнкай у цёмным завулку, калі слабога, безабароннага чалавека да сьмерці зьбівае бандыт, а мажны волат побач ня ўмешваецца і цынічна заяўляе: «Табе няма чым адказаць!». Аналёгія будзе няпоўнай, калі не дадаць, што ў свой час ахвяра мусіла аддаць бандыту сродак абароны менавіта пад ціскам гэтага волату, паверыўшы ягоным абяцаньням (гэта я пра ядзерную зброю, выведзеную з Ўкраіны ў Расею пад ціскам ЗША, калі нехта не зразумеў).
З сумам даводзіцца прызнаць, што Амэрыка ўжо не зьяўляецца абаронцай дабра, свабоды, правоў чалавека, гуманістычных каштоўнасьцяў. Здаецца, усё тое, што два з паловай стагодзьдзі назапашвалася з моманту прыняцьця Дэклярацыі Незалежнасьці, Канстытуцыі ЗША і Білю аб правах — выкінута ў сьметніцу. Белы дом ператварыўся ў месца, дзе гандлююцца і робяць «зьдзелкі», і вырашальным ёсьць не ідэалы, а — грошы. Як у лаўцы, розьніца хіба ў маштабах.
На шчасьце — выкінута ня ўсё. Канстытуцыя ЗША хаця і знаходзіцца пад ударамі, але пакуль ня зьнішчаная. А па ёй крыніцай улады зьяўляецца народ, якому гарантуюцца свабодныя і справядлівыя выбары. З улікам кожнага голасу.
І тут для Ўкраіны добрыя навіны. Пры ўсіх сваіх сымпатыях да Пуціна, якія Трамп неаднаразова дэкляраваў, і пры ўсім жаданьні атачэньня амэрыканскага прэзыдэнта гандляваць з імпэрскай Расеяй — Белы дом практычна вычарпаў магчымасьці дзейснай дапамогі гаспадару Крамля.
Трамп патрапіў у капкан, які сам паставіў, калі адмовіў Украіне ў бязвыплатнай дапамозе зброяй і перавёў працэс на камэрцыйныя рэйкі (цяпер амэрыканскую зброю для Ўкраіны выкупляе Эўропа).
Гандлярская псыхалёгія лавачніка пераважыла гуманізм. Як віцяблянін, не магу ўстрымацца ад легенды: калі Марку Шагалу ўказалі на памылку ў шыльдзе «Лафка» на адным зь віцебскіх сюжэтаў (гл. фота ), вялікі мастак адказаў: «Не вучыце мяне за Віцебск — я ў ім нарадзіўся і лепш за вас ведаю, як там могуць напісаць!».
І вось цяпер Трамп утыкнуўся ва ўласную памылку. Сёньня Эўропа цалкам аплочвае амэрыканскую зброю, чым гаспадар Белага дому яшчэ ўчора хваліўся. Пастаўка Кіеву дадзеных амэрыканскай выведкі — адзінае, што перашкаджае Зяленскаму паслаць Трампа ўсьлед за рускім караблём.
Паводле сацыялягічных апытаньняў, каля 60% амэрыканцаў лічаць, што ЗША павінна падтрымліваць Украіну. У пачатку года Трамп мог казаць, што бязвыплатная дапамога празьмерна дорага абыходзіцца Амэрыцы, адмоўна ўплывае на інфляцыю, на сацыяльныя праграмы і г.д. І з улікам, што міжнародныя пытаньні амэрыканцаў (зрэшты, як і насельніцтва кожнай краіны) цікавяць менш, чым унутраныя праблемы, такі аргумэнт меў шанец быць успрыняты.
Сёньня, пасьля камэрцыялізацыі дапамогі — не. Уласна, гэта ўжо нельга назваць дапамогай, гэта проста гандаль, як у лаўцы: я табе тавар, а ты мне — грошы.
Здымкі зруйнаваных расейскімі ракетамі ўкраінскіх гарадоў не сыходзяць што з FOX, што з CNN, прыхільнікі як рэспубліканцаў, гэтак і дэмакратаў адзіныя ў асуджэньні Пуціна. Таму спыненьне продажу зброі альбо перадачы Кіеву дадзеных выведкі будзе адназначна ўспрынятае як наўпроставая падтрымка агрэсара.
Так, адкрыты пераход Белага дому на бок Пуціна можа адабраць у рэспубліканцаў, чые прадстаўнікі цяпер у Белым доме, значна менш галасоў, чым інфляцыя, рост коштаў на прадукты ці мэдычныя страхоўкі. Але частку галасоў — адбярэ абавязкова. Як мы бачым, у больш як 300-мільённай Амэрыцы вынік прэзыдэнцкіх выбараў часам вызначаецца некалькімі тысячамі галасоў, вынікі выбараў у Кангрэс — некалькімі сотнямі, здараецца, нават дзясяткамі. «Прамежкавыя» выбары, фактычны старт якіх адбудзецца неўзабаве пасьля калядных канікулаў, ня будуць выключэньнем. І цяперашні невысокі рэйтынг рэспубліканцаў не дазваляе рызыкаваць нават нязначнай колькасьцю галасоў.
«Лафка» зрабілася капканам, які ўтрымлівае ад канчатковага скоку ў абдымкі Пуціна.