«У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах»Вызвалены эстонец распавёў пра турму ў Беларус…

«У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах»

Вызвалены эстонец распавёў пра турму ў Беларусі

Грамадзянін Эстоніі Алан Роя быў вызвалены разам з Ціханоўскім і яшчэ 12 палітвязнямі ў суботу, 21 чэрвеня. Увечары ён ужо прыляцеў дадому.

Паводле выдання Postimees, ён быў стомлены, але расчулены да слёз. Мужчына быў за кратамі са студзеня мінулага года. Яго абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі» і асудзілі да шасці з паловай гадоў з штрафам амаль 6000 еўра.

«Знаходзіцца за кратамі – гэта адно, але з 2021 года я фактычна быў закладнікам у Беларусі. Да мяне ставіліся вельмі дрэнна.

Хутчэй за ўсё, я зраблю гэта справай свайго жыцця і распавяду праваабарончым арганізацыям пра тое, у якіх умовах там утрымліваюць людзей. У XXI стагоддзі ніхто не павінен жыць у такіх умовах», – сказаў ён.

Роя распавёў, што яго арыштавалі ў Беларусі пасля стварэння дабрачыннага фонду для падтрымкі сем’яў, якія былі незадаволены вынікамі «выбараў» 2020 года. На ягоную думку, «мясцовы дыктатар загадаў пакінуць гэтых людзей без працы і без ежы». Сам ён адчуваў, што абавязаны дапамагчы гэтым сем’ям.