Банкроціцца ААТ “Белрыба” — буйны мінскі вытворца рыбных прадуктаў. Заява пра яго неплацёжаздольнасць паступіла ў эканамічны суд Мінска.
100% акцый таварыства належаць дзяржаве.
Праблемы ў “Белрыбы” пачаліся ў сярэдзіне 2010-х, пасля таго, як яе паспрабавалі пераарыентаваць на расійскі рынак. Замацавацца там не атрымалася. Пазыкі пачалі расці. Вытворчы цэх далучалі то да аднаго, то да другога прадпрыемства. Але выратаваць “Белрыбу” так і не атрымалася.
Прадпрыемства прысутнічала на беларускім рынку больш за 60 гадоў. Раней яно было адным з вядучых вытворцаў вэнджанай рыбы, кансерваў і прэсэрваў. Таксама “Белрыба” займалася імпартам замарожанай рыбы і морапрадуктаў.