Дырэктарку кнігарні ў Пецярбургу будуць судзіць за кнігу беларускага анархіста. Прэтэнзіі ўзніклі да…

Дырэктарку кнігарні ў Пецярбургу будуць судзіць за кнігу беларускага анархіста. Прэтэнзіі ўзніклі да дзённіку “Еду ў Магадан” Ігара Аліневіча.

Нехта набыў яе ў кнігарні падчас “кантрольнай закупкі”. Наклад быў выдадзены пры падтрымцы НКА, якая ў Расіі ўключаная ў пералік непажаданых арганізацый. Сама кніга ў рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў не ўваходзіць.

Ігар Аліневіч — беларускі актывіст анархісцкага руху. У кастрычніку 2020 года яго разам з групай паплечнікаў затрымалі недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы. У снежні 2021-га Аліневічу прысудзілі 20 гадоў пазбаўлення волі. Анархістаў абвінавацілі ў падпале службовых машын, будынкаў ДАІ і Дзяржкамітэта судовых экспертыз у Гомелі, а таксама ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прылад.

Кніга “Еду ў Магадан” упершыню пабачыла свет у 2013 годзе. У ёй Аліневіч расказваў пра сваё затрыманне ў 2010 годзе за напад на расійскую амбасаду ў Мінску.