22 сакавіка 1940 года народны камісар НКВД СССР Лаўрэнцій Берыя падпісаў загад № 00350 «Аб разгрузцы турмаў НКВД УССР і БССР». Дакумент загадваў перавезці ў Менскую турму з турмаў заходніх абласцей БССР 3 тысячы зняволеных.
У тым ліку:
з Брэсцкай турмы — 1500 чалавек,
з Вілейскай — 550,
з Пінскай — 500,
з Баранавіцкай — 150.
Гэта былі грамадзяне Польшчы — абшарнікі, былыя землеўладальнікі, фабрыканты, польскія афіцэры, службоўцы і перабежчыкі, арыштаваныя НКВД пасля так званага “вызвольнага паходу” Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года. Аперацыю неабходна было завяршыць цягам 10 дзён.
Яшчэ 5 сакавіка 1940 года Палітбюро ЦК ВКП(б) пастанавіла разгледзець справы “без выкліку арыштаваных і без прад’яўлення абвінавачання, пастаноў аб заканчэнні следства і абвінаваўчага заключэння” і асудзіць іх да расстрэлу.
Пра далейшы лёс польскіх грамадзянаў сведчыць сакрэтная запіска старшыні КДБ СССР Аляксандра Шэлепіна да Мікіты Хрушчова ад 3 сакавіка 1959 года. З яе вынікала, што ў КДБ СССР захоўваліся ўліковыя і іншыя матэрыялы “аб расстраляных у 1940 годзе палонных і інтэрнаваных афіцэрах, жандарах, паліцаях, асадніках, памешчыках і іншых прадстаўніках былой буржуазнай Польшчы”.
Усяго па рашэннях Асобай тройкі НКВД СССР было расстраляна 21 857 чалавек, у тым ліку:
у Катынскім лесе (Смаленская вобласць) — 4421 чалавек,
у Старабельскім лагеры пад Харкавам — 3820,
у Асташкаўскім лагеры (каля Калініна, цяпер Цвер) — 6311,
у іншых лагерах і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі — 7305 чалавек.
Шэлепін прапаноўваў знішчыць справы, бо яны “не ўяўляюць ні аператыўнай, ні гістарычнай каштоўнасці”, а “любы непрадбачаны выпадак можа прывесці да раскрыцця аперацыі з усімі непажаданымі для нашай дзяржавы наступствамі”.
Кіраўнік КДБ таксама падкрэсліваў, што “адносна расстраляных у Катынскім лесе існуе афіцыйная версія, пацверджаная следствам, праведзеным па ініцыятыве савецкіх уладаў у 1944 годзе Камісіяй пад назвай: «Асобая камісія па ўстанаўленні і расследаванні расстрэлу нямецка-фашысцкімі захопнікамі польскіх афіцэраў у Катынскім лесе»”.
Савецкія ўлады да пачатку 1990-х гадоў адмаўлялі сваю датычнасць да гэтай злачыннай акцыі, вядомай як Катынскі расстрэл. Толькі пасля развалу СССР Расея прызнала віну і пачала перадаваць Польшчы “катынскія” дакументы, у тым ліку спісы расстраляных. Аднак зараз Расея вяртаецца да савецкіх наратываў.
У 1994 годзе Служба бяспекі Украіны выявіла і перадала Польшчы так званы «Украінскі катынскі спіс» — дакумент з імёнамі 3435 расстраляных НКВД на тэрыторыі УССР польскіх грамадзян.
Большасць польскіх і беларускіх даследчыкаў сталінскіх рэпрэсій мяркуюць, што павінен існаваць аналагічны «Беларускі катынскі спіс» з імёнамі каля 4 тысяч польскіх грамадзян, расстраляных у БССР. Саветы маглі забіваць іх у Курапатах або ў іншых месцах пад Менскам.
Беларускія ўлады ўпарта адмаўляюць існаванне такога спісу. Да гэтага часу знайсці яго ў архівах не ўдалося. Аднак даследчыкі і гісторыкі стварылі праект спісу. У яго ўвайшлі імёны польскіх грамадзян, узятых у палон на тэрыторыі Беластоцкага, Наваградскага, Віленскага і Палескага ваяводстваў. Лёсы гэтых людзей невядомы.
На здымках: 1. Дакладная А.Шалэпіна Хрушчову; 2. Ікона Маці Божая Катынская; 3. Кадр з фільма Пятра Шкапяка «Катынь – апошні сведка»