Аксана Колб атрымала позву ў суд Валожынскага раёна. 19 сакавіка яе выклікаюць «у якасці асуджанай» па прадстаўленні мясцовага РАУС «аб замене прызначанага пакарання больш строгім», піша @bajmedia. Аксане ў 2022 прызначылі 2,5 гады «хіміі», пасля прысуду яна аказалася часова вольнай і пакінула Беларусь.
«Позва на 19 сакавіка — гэта працяг яшчэ той справы 2022, — кажа Аксана Колб у каментары БАЖ. — Мяркую, што гэта не ініцыятыва валожынскіх органаў, хутчэй за ўсё, ім спусцілі зверху. Яны ж яшчэ ўвосень 2022 ведалі, што я з’ехала з краіны. Бо прасілі даслаць ім паперку, якая пацвярджае, што я знаходжуся ў Польшчы і не трэба мяне ў Беларусі шукаць. Просьба ад міліцыі з’явілася пасля таго, калі я не прыйшла стаць на ўлік. 19 сакавіка, я так разумею, суд за «парушэнні» заменіць мае два з паловай гады «хіміі» на калонію».
Як паведаміла Аксана Колб, напрыканцы 2024 на яе завялі яшчэ адну крымінальную справу.