Бальшавікі хацелі саступіць Менск палякамПачас перамоваў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф І…

Бальшавікі хацелі саступіць Менск палякам

Пачас перамоваў у Рызе кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іёфэ прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР да Бярэзіны наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ва Ўкраіне. Бальшавікі былі гатовы аддаць і Менск.

Аднак уключэнне Менску ў склад адроджанай Другой Рэчы Паспалітай быў галоўнай воссю спрэчкі ў польскай дэлегацыі. У той час у палітыцы Польшчы існавалі дзве асноўныя канцэпцыі: федэратыўная Юзафа Пілсудскага і інкарпарацыйная – яе прытрымліваліся польскія нацыянал-дэмакраты, у тым ліку Раман Дмоўскі.

Федэратыўная канцэпцыя палягала на ідэі стварэння “Міжмор’я” – саюза Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны, дзе Менск мог стаць часткай Польшчы або аўтаномным цэнтрам у межах польскай федэрацыі.

Пры гэтым інкарпарацыйная ідэя разглядала ўключэнне ў склад Польшчы толькі тэрыторый з пераважна польскім насельніцтвам, без Беларусі і большай часткі Украіны. Ідэя Рамана Дмоўскага ўрэшце перамагла, і польскі бок адмовіўся ад прапановы бальшавікоў. У выніку Рыскай мірнай дамовы Менск застаўся на савецкім баку. А савецка-польская мяжа пралягла ў 30-40 кіламетрах ад сталіцы БССР.

На здымку: Юзаф Пілсудскі і польскія вайскоўцы на плошчы Свабоды ў Менску.19 верасня 1919 г.