9 студзеня 1966 году ў Менску з прычыны моўнае нянавісьці быў забіты беларускі пісьменьнік Ігар Хадановіч.
Вось як згадвае пра гісторыю забойства Хадановіча і пісьменьнік Адам Глёбус, які чуў ад бацькоў наступнае:
«Ігар Хадановіч са сваім сябрам вырашылі патэлефанаваць знаёмым. Пакуль Хадановіч з сябруком размаўлялі, да тэлефоннае будкі падышлі бандзюкі, яны пачулі беларускую мову й пачалі абражаць Хадановіча й ягонага сябра. Прапаноўвалі гаварыць «по-человечески». Усчалася бойка».
У гэтай бойцы літаратара і забілі.
1 лютага 1966 году Караткевіч пакінуў запіс у сваім дзёньніку:
«Гэтая свалота, якая забіла яго, і словы яе: „Раечка, подожди, я здесь, чтобы научить одного пшека говорить по-русски.“, — стаяць у вушах. І вось свалоце, забойцу дадуць максімум восем гадоў, а чалавеку, які абяцаў вырасьці ў неабыякога празаіка, — магіла».