У артыкуле прафесаркі гістарычнай археалогіі Венскага ўніверсітэта Claudia Theune нагадваецца, што з мая па кастрычнік 1942 года каля 10 тысяч чалавек былі дэпартаваныя з Вены цягнікамі ў Малы Трасцянец і забітыя там пры масавых расстрэлах.
Пры будаўніцтве мемарыяла ў 2017-2018 гадах супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі знойдзеныя рэчы, якія належалі ахвярам і маюць выразную сувязь з Венай ці Аўстрыяй (пра гэта сведчаць надпісы).
Частка рэчаў адпавядала тым інструкцыям, якія даваліся пры дэпартацыі (посуд), а частка была індывідуальным выбарам людзей. Гэта такія прадметы як расчоскі, акуляры, флаконы для духаў, скрыначкі з крэмам, кішэнныя нажы, грошы і ключы ад маёмасці, якая засталася на радзіме. Знойдзеныя ў Малым Трасцянцы рэчы былі перададзеныя ў Дом гісторыі Аўстрыі. На фотаздымку – скрыначка для крэму для скуры Nivea, вырабленая на прадпрыемстве ў Вене.