19 лістапада 1918 Янка Купала напісаў свой знакаміты верш «Спадчына»Ад прадзедаў спакон вякоўМне зас…

Мінск Навіны

19 лістапада 1918 Янка Купала напісаў свой знакаміты верш «Спадчына»

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

1918