Сёньня Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла накіравала ліст спадарыні Агнэшцы Рамашэўскай-Гузы наступнага зьместу:
«Шаноўная спадарыня Агнэшка,
дазвольце выказаць ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста ўдзячнасьць за Вашую такую даўгую працу на пасадзе дырэктаркі тэлеканалу «Белсат». Заўсёды ў захапленьні ад прафэсіяналізму «бялсатаўцаў», калі даводзіцца даваць інтэрвію. За семнаццаць гадоў калектыў «Белсату» стварыў тэлебачаньне, якое можа быць і, бясспрэчна, будзе ўзорам для журналістаў у будучай дэмакратычнай, вольнай Беларусі. Дзякуй Вам і Вашым цяпер ужо былым калегам за ўвагу да беларускай нацыянальнай гісторыі, да ідэалаў БНР, да дзейнасьці яе Рады. У Вашай асобе беларусы атрымалі добрага сябра, і колькі гадоў таму я з асаблівым пачуцьцём падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні Вас мэдалём да 100-годзьдзя БНР.
Вельмі спадзяюся на тое, што Ваш сыход з Белсату не азначае адыходу ад справы дапамогі беларусам, якія сёньня змагаюцца за сваю Бацькаўшчыну, за яе пачэснае месца ў сям’і эўрапейскіх народаў.
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
12 сакавіка 2024»