Асуджанага, які тыдзень таму выкінуўся ўніз галавой з 4 паверха Бабруйскай калоніі, звалі Дзмітрый А…

Асуджанага, які тыдзень таму выкінуўся ўніз галавой з 4 паверха Бабруйскай калоніі, звалі Дзмітрый Арлоў

Пра гэта стала вядома праваабаронцам. У Дзмітрыя засталіся трое дзяцей. Сам ён рос сіратой. Была інфармацыя, што прычына самагубства – бытавая, нібыта жонка вырашыла з ім развесціся. Праваабаронцы ж пішуць, што прычына – у жорсткасці ўмоваў утрымання ў калоніі і адсутнасці надзеі на амністыю.

Дзмітрый быў асуджаны на 13 гадоў за незаконны абарот наркотыкаў (ч.4, арт. 328 КК). Да асуджаных па 4-ай частцы сумнавядомага 328 артыкула КК не прымяняюцца амністыя і УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне), пакаранне не замяняецца на больш мяккае (ЗПБМ).

Пры гэтым умовы жыцця такіх зняволеных дастаткова жорсткія.

Праваабаронцы пішуць, што Дзмітрый сам вырашыў развесціся з жонкай, «каб не дастаўляць ёй праблем і не адбіраць грошы, неабходныя для рэжымных перадач у сваіх дзяцей».