Новы галоўны дырыжор беларускага Вялікага тэатра оперы і балета – расеец.Генеральная дырэктарка Вялі…

Новы галоўны дырыжор беларускага Вялікага тэатра оперы і балета – расеец.

Генеральная дырэктарка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Дулава прадставіла калектыву тэатра новага галоўнага дырыжора. Ім аказаўся расеец па паходжаньні Арцём Макараў.

Выглядае, што такі выбар невыпадковы, бо практыка замены нацыянальнай культурнай эліты расейцамі з 2020 году набыла сістэматычны характар. Варта ўзгадаць замену значнай часткі калектыву Тэатра імя Янкі Купалы расейцамі: у новым сезоне Тэатр анансаваў большую частку спектакляў на расейскай мове.

Усяго з 2020 года з Опернага тэатра звольнілі чатырох вядомых дырыжораў: Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін, Алег Лясун.

Буйная хваля звальненьняў прайшлася пасьля 27 кастрычніка 2020 года, калі артысты перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» выказалі сваю салідарнасьць з беларускім народам, абурыліся беззаконьню і несправядлівасьці ў краіне. Заля скандавала “Жыве Беларусь”, артысты разам зь гледачамі сьпявалі “Магутны Божа”. На наступны дзень звольнілі 4 супрацоўнікаў тэатра: дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Андрэя Галанава, першую скрыпку аркестра Рэгіну Саркісаву, альтыстку Аляксандру Пацёміну і скрыпачку Алу Джыган.

Сама ген.дырэктарка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Дулава працуе на сваёй пасадзе са студзеня 2022 года і вядомая сваёй прыхільнасьцю да расейскай культуры.

WARTA – беларускае нацыянальнае медыя