​​ Чаму важна падтрымліваць вязняў грашовымі пераводамі?Ужо больш за два гады ў Беларусі колькасць п…

​​ Чаму важна падтрымліваць вязняў грашовымі пераводамі?

Ужо больш за два гады ў Беларусі колькасць палітычных зняволеных павялічваецца амаль штотыднёва. На жаль, у сваякоў не заўсёды атрымліваецца карыстацца ўсімі магчымымі спосабамі падтрымкі вязняў: ім блакуюць ліставанне, пазбаўляюць перадач, не дазваляюць замаўляць кнігі і абмяжоўваюць у падпісках на незалежныя газеты і часопісы. Адзінае, что застаецца — грашовыя пераводы.

Адпраўляць грошы вязням праз інтэрнэт-банкінг і на пошце. Грошы будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак зняволенага. На атрыманыя грошы ён зможа замовіць у турэмнай краме прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, прысмакі, канверты, паперу і іншыя неабходныя яму рэчы.

Грошы даходзяць на працягу некалькіх сутак. У следчых ізалятарах і турмах, тыя вязні, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу, могуць атрымліваць пераводы ад любога чалавека, а сума, якая можа знаходзіцца на рахунку затрыманага ў ізалятары і якую можна выкарыстоўваць, не абмежаваная.

Пасля таго, як прысуд уступіў у сілу, вязень будзе абмежаваны ў перадачах і грашовых пераводах, а рабіць гэта змогуць толькі сваякі. Але пры пераводзе ў іншы ізалятар або калонію сума на рахунку пераходзіць разам з чалавекам. Нават калі грошы выслалі ўжо пасля этапу, то грошы ўсё роўна дойдуць да зняволенага.

Таму дасылаць грошы на рахунак вязня да таго, як прысуд уступіць у сілу, будзе вялікай падтрымкай і яму, і яго сваякам. Бо ў калоніі праз абмежаванне на колькасць дазволеных базавых велічыняў падчас атаваркі, у зняволенага будзе магчымасць доўгі час атаварвацца на тыя грошы, якія яму дасылалі яшчэ да прысуду.

Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў глядзець ТУТ.

Крыніца: Вясна