18 траўня сьвяткуецца Міжнародны дзень музэяў – у гонар сьвята музэі прапануюць цікавыя беларускамоўныя праграмы, якія варта наведаць.
Дарэчы, сёньня ў новым будынку пачаў працаваць Літаратурны музэй Янкі Купалы – літаратурны й мемарыяльны музэй, прысьвечаны жыцьцю й творчасьці клясыка беларускай літаратуры. Музэй месьціцца ў Менску (вул. Я. Купалы, 4), мае філіі ў вёсках Харужынцы (філія “Акопы”), Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына. У менскім музэі – 8 экспазыцыйных заляў, дзе можна пабачыць рукапісы Янкі Купалы, ягоныя асабістыя рэчы, фотаздымкі, творы мастацтва, якія распавядаюць пра жыцьцё народнага песьняра.
Вы можаце наведаць наступныя імпрэзы ў беларускіх музэях, прысьвечаныя сьвяту:
1⃣ 18 траўня (18.00) Менскі абласны краязнаўчы музэй (Маладзечна, вул. Партызанская, 3): імпрэза “Сакральны шэпт” зь беларускімі майстар-класамі, этнаграфічнымі турнірамі, абрадавымі дзеяньнямі.
2⃣ 21 траўня (18.00-23.00) Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (Менск, вул. Акадэмічная, 5) запрашае на “Ноч кантрастаў”: настольныя гульні, лялечныя прадстаўленьні, інтэрактыўная экскурсія, лекцыя пра жыцьцё й творчасьць пісьменьніка.
3⃣ 21 траўня (18.00-23.00) Літаратурны музэй П. Броўкі (Менск, вул. К. Маркса, 30): вечар прысьвечаны субкультурам, якія шмат у чым зьмянілі погляды беларускай моладзі: стылягам, бітнікам, хіпі.
4⃣ 21 траўня (19.00-02.00) Літаратурны музэй М. Багдановіча (Менск, вул. Багдановіча, 7а): музычная, паэтычная й анімацыйная імпрэза “На высокай ноце”.
5⃣ 21 траўня (16.00-24.00) Нацыянальны мастацкі музэй (Менск, вул. Леніна, 20): імпрэза “Пачатак каардынат”, падчас якой можна пабываць у мінулым і зазірнуць у будучыню, інакш убачыць звыклыя зьявы.
6⃣ 21 траўня (20.00-23.30) Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй (Горадня, вул. Замкавая, 20): “Ноч дэтэктыўных гісторый”.
7⃣ 21 траўня (19.00-21.00) Беларускі дзяржаўны музэй архітэктуры й побыту (Менскі раён, аг. Азерцо): эксклюзыўная містычная экскурсія, нечаканыя зьяўленні міфічных персанажаў, полымя ачышчальнага вогнішча разгоняць цемру й парушаць цішыню бяскрайніх абшараў музэйнай вёскі.
Калі ведаеце цікавыя праграмы ў музэях на беларускай мове, дзяліцеся ў камэнтарыях!
#мова #supermova #музэі #ночмузэяў #беларускіямузэі #музэйянкікупалы