Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, звычайныя людзі Беларусі, звяртаемся да Каардынацыйнай рады з гэтай петыцыяй у сувязі з адсутнасцю адказу на два нашы звароты, дасланыя вам 17 лютага і 3 сакавіка 2025 года. У гэтых лістах мы прасілі праясніць сітуацыю з удзелам Сяргея Петрухіна ў пасяджэнні Каардынацыйнай рады 11 лютага, якое транслявалася на YouTube-канале КР. Запіс даступны для прагляду, а тэксты нашых зваротаў можна знайсці ў тэлеграм-канале “Звычайныя людзі”.
Да сённяшняга дня мы не атрымалі ніякага адказу. Мы звяртаемся не з мэтай канфрантацыі, а з жаданнем палепшыць камунікацыю паміж дэмакратычнымі прадстаўнікамі і грамадзтвам. Таму заклікаем Каардынацыйную раду:
1. Адказаць на нашы звароты, незалежна ад пазіцыі, якую вы займаеце адносна сітуацыі. Нам важна бачыць, што звароты грамадзян не застаюцца без увагі.
2. Стварыць або ўдасканаліць механізм зваротнай сувязі паміж дэпутатамі дэмакратычных сіл і грамадзянамі, каб кожны беларус мог звярнуцца са сваімі пытаннямі, прапановамі ці клопатамі.
Мы верым, што адкрытая і эфектыўная камунікацыя з’яўляецца асновай даверу, адзінства і супольнай барацьбы за свабодную Беларусь. Спадзяёмся на ваш адказ і далейшае плённае супрацоўніцтва.
Падтрымаць зварот: https://chng.it/TnHKgzRfKt
З павагай,
Звычайныя людзі
9 красавіка 2025