Куды трапляе другасная сыравіна пасля эка-таксоўкі?Эка-вітанка, сябры! Нашы наведвальні_цы ведаюць, …

Куды трапляе другасная сыравіна пасля эка-таксоўкі?

Эка-вітанка, сябры! Нашы наведвальні_цы ведаюць, што ў «Кропцы» мы з пяшчотай да планеты сартуем смецце і здаем другасную сыравіну ў эка-ініцыятыву parki ar minda.

Прыкладна раз у месяц мы выклікаем эка-таксоўку і прапануем вам далучыцца да гэтай справы.

Але што далей? Куды трапляюць старанна вымытыя і сабраныя шкляначкі і каробачкі?

Па-першае, хочацца адзначыць, што ў Сакартвэла абмежаваны спіс сыравіны, якую можна здаць на перапрацоўку. Па-другое, гэта не адно месца, а шмат розных прадпрыемстваў, дзе перапрацоўваюць пэўны від другаснай сыравіны.

Напрыклад, пластык прымае мясцовы завод па перапрацоўцы смецця Polyvim LLC недалека ад Руставі. Яны перапрацоўваюць пластык у шматкі для далейшага продажу вытворцам пластыкавых вырабаў і сінтэтычнага валакна.

Вінныя коркі трапляюць у Wine Cork Recycling Project, дзе яны здрабняюцца и перарабляюцца ў новы прадукт.

Больш доўгі шлях у алюмінія, пластыкавых картак, зубных шчотак і блістэраў. Алюміній перарабляюць у Турцыі, а астатняе адзвозяць на перапрацоўчыя заводы ў Расіі.

Больш інфармацыі пра наступную кропку вашай другаснай сыравіны на шляху да новага прадукта можна пачытаць тут.

У пазамінулы раз мы сабралі і здалі:
пластык – 3,9 кг
алюміній – 0,2 кг
жэсць – 2 кг
папера – 1,4 кг
кардон – 4 кг
шкло – 18,1 кг

За кожны вываз другаснай сыравіны мы плацім 35-45 лары (у залежнасці ад вагі) +18% НДС. Таму, будзем рады вашаму ўнёску ў аплаце эка-таксоўкі, калі маеце такую магчымасць.

Гэта няпросты працэс, але мы шчыра ўдзячны кожнаму і кожнай, хто далучаецца да нас і робіць маленькі, але важны крок да экалагічнага ладу жыцця.