НІЯКАЕ НАДВОР’Е НЕ СПЫНІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ САЛІДАРНАСЦЬ!Нягледзячы на дождж, вецер і сапраўднае восеньск…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

НІЯКАЕ НАДВОР’Е НЕ СПЫНІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ САЛІДАРНАСЦЬ!

Нягледзячы на дождж, вецер і сапраўднае восеньскае надвор’е, беларусы Вільні працягваюць выходзіць на традыцыйны нядзельны мітынг салідарнасці!

І, як заўсёды, кожная такая сустрэча — гэта не толькі магчымасць нагадаць пра беларусаў, якія застаюцца за кратамі, але і маленькія гісторыі чалавечай цеплыні, падтрымкі і неабыякавасці.

Маленькі сын аднаго з рэпрэсаваных беларусаў набыў бел-чырвона-белае сэрцайка.

Беларускі студэнт ЕГУ таксама набыў сэрцайка, даведаўся больш пра дзейнасць Dapamoga і падзякаваў за падтрымку беларусаў.

Літовец гадоў пяцідзесяці пакінуў грошы ў скрынцы для ахвяраванняў. А мама з дачкой, літоўкі з беларускімі каранямі, таксама падтрымалі нашу дзейнасць данатамі.

Да нас завітала кампанія французаў, адзін з якіх жанаты з беларускай. Яны таксама пакінулі ахвяраванні!

Літоўка сталага ўзросту падышла пацікавіцца, з якой нагоды мы сабраліся, і пажадала нам поспеху.

Муж і жонка з Македоніі таксама спыніліся, каб даведацца, чаму беларусы выходзяць на мітынг у цэнтры Вільні.

А наш сябар Dapamoga набыў бел-чырвона-белы парасон і шаўрон. Вось гэта мы разумеем — падрыхтоўка да восеньскіх мітынгаў!

І ведаеце, што асабліва радуе? Нават у такое надвор’е людзі спыняюцца, задаюць пытанні, слухаюць, падтрымліваюць і цікавяцца Беларуссю.

Салідарнасць не мае ні межаў, ні нацыянальнасці, ні дрэннага надвор’я.

Дзякуй кожнаму, хто сёння быў побач, хто не прайшоў міма і хто працягвае памятаць пра Беларусь!

Сустракаемся кожную нядзелю а 12:00 на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў Вільні.

Жыве Беларусь!