ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!Памятаеце, тыдзень таму я паглядзеў планы маіх людзей і зразумеў, што адпач…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ГАЎ! ГЭТА ЗНОЎ Я, МОНЦІ!

Памятаеце, тыдзень таму я паглядзеў планы маіх людзей і зразумеў, што адпачываць яны не збіраюцца?

Я меў рацыю. Як заўсёды

Тыдзень атрымаўся насычаным, але гэтым разам у ім было асабліва шмат добрых навін. Распавядаю!

Галоўная навіна — яшчэ 25 нашых герояў і гераінь на свабодзе!

Літаральна некалькі дзён таму мы сустракалі іх у Вільні. А сёння некаторыя з іх ужо самі прыйшлі на акцыю салідарнасці каля Амбасады Беларусі.

Адна з удзельніц «вераснёўскай групы» сказала, што хоча дапамагаць і не можа проста сядзець склаўшы рукі. Уяўляеце? Толькі выйсці на свабоду — і ўжо думаць пра тое, як дапамагчы іншым.

Вось такія ў нас людзі

А наш збор на «першыя крокі на волі» ўжо пераадолеў палову неабходнай сумы! Dapamoga пачала перадаваць вызваленым па 100 еўра — першыя кішэнныя грошы на свабодзе, якімі чалавек нарэшце можа распараджацца сам. Працягваем збор, каб падтрымаць усіх!

На гэтым тыдні прадстаўнікі Dapamoga пабывалі на канферэнцыі, прысвечанай Алаізе Пашкевіч (Цётцы). Сустрэлі старых сяброў, пазнаёміліся з новымі і яшчэ раз пераканаліся, як важна сустракацца, размаўляць і захоўваць нашы сувязі.

А яшчэ святкавалі! Кветкавай краме нашай сяброўкі Ліяны споўнілася 3 гады. Яе кветкі не раз упрыгожвалі Беларускі Замак і нашы святы. Ліяна, яшчэ раз віншуем!

І гэта не адзіны юбілей. Наша разумніца і прыгажуня Караліна адзначыла 5 гадоў прафесійнай дзейнасці! Ужо пяць гадоў яна з пяшчотай клапоціцца пра рукі і ногі сваіх кліентаў.

Праўда, зараз Караліна на бальнічным. Папраўляйся хутчэй! Усе чакаюць цябе ў Замку, а я асабіста пракантралюю вяртанне. Сабачы кантроль — рэч сур’ёзная

А што далей?

Я паглядзеў каляндар. Дарма. Цяпер хвалююся

Субота 26 верасня, 18:30 — сустракаемся з Аляксандрам Кныровічам. Пагаворым пра «акно магчымасцяў» для Беларусі, сцэнар пераходу і пра тое, колькі можа каштаваць эканамічная пераарыентацыя ад Расіі да ЕС.

Пятніца 2 кастрычніка, 18:00 — Аляксандр Фядута і размова пра Уладзіміра Караткевіча і яго «Каласы пад сярпом тваім».

Субота 3 кастрычніка, 18:30 — QUIZAVA: OKTOBERFEST! Нямецкі вечар у Замку: Германія, музыка, квіз, баварская атмасфера і нешта смачнае. Я спадзяюся

Вось такі тыдзень: сустрэчы, юбілеі, кветкі, салідарнасць і — самае галоўнае — яшчэ 25 чалавек на свабодзе

А цяпер мае людзі адпачнуць?

Не. І вы таксама не плануйце

Ваш Монці