#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 7 Вользе — 49 гадоў. У Вільне яна з сынам з 2023 года. Працуе кандытаркай і вельм…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 7

Вользе — 49 гадоў. У Вільне яна з сынам з 2023 года. Працуе кандытаркай і вельмі любіць сваю справу.

Пра голас «супраць»

Маё лета 2020 года было напоўнена чаканнем. Мы ўсе чакалі выбараў і верылі, што ў краіне нарэшце нешта зменіцца. Калі арыштавалі галоўных альтэрнатыўных кандыдатаў, некаторыя людзі пачалі казаць: «Раз ужо няма за каго галасаваць, будзем галасаваць за Лукашэнку». Мяне гэта вельмі абурала. Я спрабавала растлумачыць, што гэта не выйсце. Што наш голас — гэта голас супраць яго. Галоўнае было дамагчыся змены ўлады. Хтосьці прыслухоўваўся, хтосьці не разумеў.


Пра 9 жніўня

Дзень выбараў запомніўся мне некалькімі вельмі эмацыйнымі момантамі.


Тады выйшла песня Макса Каржа «Тепло». Мы слухалі яе разам з дачкой, плакалі і верылі, што ўсё абавязкова зменіцца.


На выбарчы ўчастак мы пайшлі ўсёй сям’ёй. Там бачылі, як нават пажылыя людзі па-асабліваму складвалі бюлетэні. Было відавочна, што яны галасуюць за Святлану Ціханоўскую.


Увечары мы чакалі вынікаў на сваім участку, але так іх і не дачакаліся. А потым пачалося сапраўднае пекла.


Нягледзячы на адключаны інтэрнэт, мы сачылі за навінамі праз спадарожнікавае тэлебачанне і разумелі, што нас зноў ашукалі. Прычым гэты падман быў настолькі відавочным, што выклікаў не толькі боль, але і вялікую злосць. Мы бачылі, як збівалі людзей, як іх затрымлівалі, і не маглі паверыць, што гэта адбываецца ў нашай краіне.


Пра сына і эміграцыю


28 жніўня прыйшлі па майго сына. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўдзельнічаў у пратэстах.


Азіраючыся назад, я разумею, што ўжо тады трэба было забіраць сына і з’язджаць. Але я ўсё яшчэ верыла ў справядлівасць. Пасля былі два гады перадач, рэдкіх кароткіх спатканняў, лістоў падтрымкі, дапамогі іншым сем’ям і валанцёрам. З кожным днём надзея на лепшае ўсё больш згасала.


Калі сын выйшаў на волю, я думала, што ўсё скончылася. Але насамрэч усё толькі пачыналася. Крымінальны пераслед працягнуўся. Справа ўжо вялася не толькі супраць сына, але і супраць мяне. Тады мы прынялі рашэнне з’ехаць.


Сёння мы з сынам жывём у Вільні. У нас новае жыццё. Яно не заўсёды простае, не ўсё атрымліваецца так, як хацелася б. Але тут мы адчуваем сябе ў бяспецы. І гэта сёння для нас самае галоўнае.


Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin

Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.