У ПК-1 памёр  Ігар Пасноў, віцебскі “лекар-праўдаруб”Пра гэта, спасылаючыся на свае крыніцы, паведам…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

У ПК-1 памёр  Ігар Пасноў, віцебскі “лекар-праўдаруб”

Пра гэта, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміў у Facebook  праваабаронца Павел Левінаў. На жаль, у Ігара Паснова няма блізкіх сваякоў, якія маглі даведацца  акалічнасці і прычыну смерці.

Ігар Пасноў нарадзіўся ў Віцебску 30 траўня 1968 года, ён з “чырвоным” дыпломам скончыў віцебскі медыцынскі інстытут, шмат гадоў працаваў педыятрам, потым атрымаў дадатковую адукацыю па спецыяльнасці “псіхіятрыя”.

Яго імя стала шырока вядомым ў 2013 годзе, калі ён пачаў выступаць з крытыкай недахопаў у працы віцебскіх медустаноў. За гэта ён і здабыў славу “лекара-праўдаруба”. Пасля крытычнага выступу на “Белсаце” пра дзейнасць  Аляксандра Косінца, тагачаснага старшыні Віцебскага аблвыканкама,  Паснова гвалтам змясцілі ў псіхіятрычную клініку. Яго трымалі там больш за месяц, і пасля выхаду ен спрабаваў аспрэчыць і пастанову суду, які яго накіраваў на лячэнне, і выстаўлены дыягназ. У гэтым яго актыўна падтрымлівалі праваабаронцы. У 2014 годзе Пасноў звярнуўся ў Незалежную псіхіятрычную асацыяцыю Расіі. Вердыкт маскоўскіх спецыялістаў быў адназначны — Пастноў не меў патрэбы ў лячэнні, што пацвердзіла асцярогі беларускіх праваабаронцаў, якія лічаць Беларусь краінай, у якую вярнулася практыка «каральнай псіхіятрыі».

“Карнымі захадамі” Пасноў лічыў і практыку змяшчэнне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, звяртаючы ўвагу на злоўжыванні органаў міліцыі ў гэтым пытанні.

У 2018 годзе Ігар Пасноў  трапіў пад крымінальны пераслед: яго абвінавацілі  ў паклёпе на віцебскага пракурора Юрыя Раманоўскага.  Судовы працэс над “лекарам-праўдарубам” быў закрытым,  праходзіў у Віцебску, але справу разбіраў Бешанковіцкі раённы суд. У траўні 2019 года суддзя Наталля Рошчына прызнала Ігара Паснова вінаватым “ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), размешчаных у глябальнай сетцы Інтэрнэт”, і пакарала  яго абмежаваннем свабоды на 3 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Аднак у ліпені 2019 года ён ужо быў на волі. Акалічнасці свайго вызвалення Пасноў  тлумачыў у сацсетках даволі цмяна, пішучы пра тое, што “згадзіўся на амністыю”  або на “здзелку”. Спачатку ен скардзіўся на безграшоўе, але потым звярнуўся ў дзяржаўныя службы, і яго ўладкавалі на працу па спецыяльнасці  – лекарам-псіхіятрам у Докшыцкую ЦРБ. Працуючы там, ён у 2020 годзе рэзка крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку за ігнараванне праблем з каронавірусам, на які цяжка перахварэў і сам.

У Наваполацкую ПК-1 Ігар Пасноў трапіў, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы,  праз  канфлікт з уладамі Докшыцкага раёна. Паснову   пагражалі яму “адпомсціць” за прынцыповы прафесійны падыход. 

Калі дакладна адбыўся суд, за што канкрэтна і  як пакаралі віцебскага лекара, застаецца невядомым праз тое, што Ігар Пасноў не меў сваякоў і вёў закрыты лад жыцця.  Былыя зняволеныя гэтай калоніі  распавядалі пра яго жахлівае становішча за кратамі – пра здзекі з боку адміністрацыі і безвыніковыя спробы зняволенага адстойваць справядлівасць нават у тых умовах. Пасноў меў два “прафулікі” – «Схільнасць да нападу на адміністрацыі, захопу закладнікаў і праяваў агрэсіі” і “Схільнасць да здзяйснення суіцыду і самакалечання”. Праз тое, што ён меў “нізкі статус”, зносіны з іншымі зняволенымі ў яго былі вельмі абмежаваныя. Але апошнім часам з калоніі даходзілі чуткі пра вельмі кепскі псіхалагічны і фізічны стан Ігара Паснова.  

Праваабаронцы просяць усіх, каму вядомыя падрабязнасці апошніх дзён ягонага жыцця, паведаміць гэта ПЦ “Вясна”.