Святлана Ціханоўская — да Дня супраць смяротнага пакарання«Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўро…

Святлана Ціханоўская — да Дня супраць смяротнага пакарання

«Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ выконваюць смяротныя прысуды. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі даўно прызналі, што смерць — гэта радыкальны і бесчалавечны метад пакарання, які не мае нічога агульнага з правасуддзем. Але ў нашай краіне да гэтага часу працягваюць забіваць людзей: за 30 гадоў рэжыму Лукашэнкі каля 350 чалавек атрымалі смяротныя прысуды. Тры з паловай сотні жыццяў, знішчаных рукамі тых, хто жыве побач з намі, ходзіць з намі па адных вуліцах, ездзіць з намі ў метро.

Два гады таму ўлады яшчэ пашырылі пералік артыкулаў, за якія могуць прысудзіць смерць: цяпер да забойства можа прывесці «дзяржаўная здрада» або «замах на тэрарызм». У краіне, дзе за любое іншадумства чалавека называюць «тэрарыстам», смяротнае пакаранне можа пагражаць любому чалавеку.

Чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць. Калі ў чалавека забіраюць жыццё, у яго забіраюць шанец зразумець свае памылкі, змяніцца, прынесці карысць. Смяротнае пакаранне — гэта жорсткая, варварская помста, якой няма месца ў прававой і дэмакратычнай дзяржаве. Пакуль у Беларусі працягваюць расстрэльваць людзей, улада адмаўляе чалавеку ў самым галоўным праве — праве на жыццё».