Але болю не менш. Бо на волі былыя вязні ўсё яшчэ стаяць, трымаючы рукі за спіной. Бо катаванні, пра якія яны распавядаюць, не спыніліся. Людзі галадаюць, мерзнуць у шіза, церпяць гвалт, прыніжэнні, пазбаўленыя лістоў, медычнай дапамогі, вымушаныя працаваць задарма. А пацучок, які так здзекліва жартуе пра “вас вязуць на расстрэл”, працягвае катаваць.
Так добра гучыць гэтае “лукашэнка вызваліў палітвязняў”, так пазітыўна. І 14 выратаваных – гэта вельмі шмат. Але за кратамі тысячы. І калі схуднелы Сяргей эмацыйна распавядае пра ўсе выпрабаванні, што яму давялося прайсці, – гэта не толькі яго гісторыя. Гэта гісторыя тысяч беларусаў. Усе жахі не ў мінулым – яны адбываюцца проста зараз.
Няхай гэтую гісторыю пачуюць тыя, хто стаміўся, хто шкадуе сябе, хто не супраць перагарнуць старонку, хто хацеў бы не чуць і не бачыць. Нельга заплюшчваць вочы, калі існуе такое вялікае зло. Нельга жыць спакойна побач з ім. Нельга чакаць, што зло добраахвотна здасць свае зубы і кіпцюры і зменіцца да лепшага. Нельга быць абыякавым – і Сяргей кажа пра гэта.
Эмоцый шмат – і радасць, і боль, і нянавісць да катаў. Але ёсць яшчэ адно. Сяргей Ціханоўскі – сярод з тых, хто калісьці абудзіў у беларусах надзею. І зараз, калі мы бачым яго побач са Святланай, у яго вачах тая самая надзея. Нічога не скончана, і не скончыцца, пакуль усе вязні не выйдуць, а пацукі не сядуць.
Свабоду усім палітвязням!
Катаў за краты!
Жыве Беларусь!